Больш за 5 тысячаў мігрантаў спрабавалі трапіць з Беларусі ў Польшчу ад пачатку года

Польская памежная служба паведаміла, што ад пачатку года 5,5 тысячы мігрантаў спрабавалі трапіць у краіну з Беларусі. Амаль усе замежнікі едуць транзітам праз Расею, піша агенцтва PAP са спасылкаю на прэс-службу ведамства.

Памежнікі на польска-беларускай мяжы. Фота: Straż Graniczna / Twitter

Памежная служба Польшчы канстатуе, што з надыходам вясны стала болей спробаў мігрантаў трапіць з тэрыторыі Беларусі з парушэннем мяжы:

«Штодзень больш за сотню замежнікаў спрабуюць нелегальна перасекчы польска-беларускую мяжу. Вядома, гэта яшчэ не столькі, як у 2021 годзе, калі такіх спробаў было 800 за дзень».

У ведамстве прагназуюць, што лік мігрантаў вырасце яшчэ, але запэўніваюць: да гэтага гатовыя.

«У нас вялікі досвед, акрамя таго, мяжа абароненая фізічнай і радыёэлектроннай загародай», – адзначылі ў Памежнай службе.

Ад леташняга студзеня да канца сакавіка зафіксавана 5,5 тысячы спробаў мігрантаў трапіць з Беларусі ў Польшчу ў абыход пунктаў пропуску. Затрыманыя 210 асобаў, астатніх не пусцілі. Яны або самастойна вярнуліся, пабачыўшы польскія патрулі, або «былі адразу спыненыя на мяжы і вернутыя на ейную лінію».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Artur Reszko / PAP

«Краіны, адкуль прыязджаюць мігранты, розныя. Два гады таму гэта былі ў асноўным Ірак, Афганістан, Сірыя. Цяпер – Чад, Гана, Емен, Нігерыя, Самалі, Іран, Егіпет», – распавялі ў Памежнай службе Польшчы.

Там падкрэслілі, што амаль усе мігранты едуць да мяжы з Беларуссю транзітам праз Расею:

«Іхныя дакументы і размовы з намі паказваюць, што яны прыляцелі ў Маскву або Санкт-Пецярбург усяго некалькімі днямі раней. Няма людзей, якія ляцелі са сваёй краіны адразу ў Менск».

Міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы разгарэўся ў 2021-м, у той год налічылі амаль 40 тысячаў асобаў, што спрабавалі трапіць у ЕЗ з парушэннямі закона. Летась было меней за 16 тысячаў.

Варшава абвінавачвае Менск у арганізацыі нелегальнай міграцыі дзеля дэстабілізацыі рэгіёну. У Беларусі кажуць, што «Еўропа сама паклікала гэтых людзей».

Прэм’ер Польшчы назваў «атаку мігрантаў» з Беларусі прэлюдыяй да вайны ва Украіне

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны