Прэм’ер Польшчы назваў «атаку мігрантаў» з Беларусі прэлюдыяй да вайны ва Украіне

Прэм’ер Польшчы Матэўш Маравецкі ў інтэрв’ю парталу i.pl заявіў, што «штучна выкліканая міграцыя» з тэрыторыі Беларусі была прэлюдыяй да расейскай агрэсіі супраць Украіны. Ён мяркуе, што гэта была спроба дэстабілізаваць Польшчу, каб яна не магла прымаць украінскіх уцекачоў.

Мігранты на беларуска-польскай мяжы разам з сілавікамі. Фота: Straż Graniczna

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі заявіў, што мэтаю міграцыйнага крызісу на мяжы з Беларуссю была спроба падарваць згуртаванасць Еўразвязу і дэстабілізаваць ягоную краіну. Гэта рабілася дзеля таго, каб Польшча не дала рады з прыёмам украінскіх уцекачоў пасля пачатку вайны:

«Беларуская атака на польскую мяжу праз штучна выкліканую міграцыю была прэлюдыяй да расейскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта была спроба падарваць згуртаванасць Еўразвязу, а таксама спроба дэстабілізаваць Польшчу, каб пасля нападу Расеі на Украіну мы не маглі прымаць украінскіх уцекачоў. Гэтая спроба не ўдалася».

У інтэрв’ю парталу i.pl кіраўнік польскага ўраду таксама анансаваў публікацыю дакументаў пра тое, як Расея падкупіла некалькіх еўрадэпутатаў: «Наш міністр унутраных справаў неўзабаве раскрые дакументы пра ўплыў расейскіх службаў, якія карумпавалі еўрадэпутатаў».

Маравецкі пры гэтым запэўніў, што гаворка ідзе не пра дэпутатаў з Польшчы.

Міграцыйны крызіс выбухнуў на мяжы Беларусі з краінамі ЕЗ у 2021 годзе. Польшча, Літва і Латвія вінавацяць у гэтым цяперашнія ўлады ў Менску. У Беларусі кажуць, што «Еўропа сама паклікала» ўцекачоў. У студзені ў інтэрв’ю БТ кіраўнік Дзяржпагранкамітэту Анатоль Лапо даў зразумець, што беларускія памежнікі і надалей не збіраюцца спыняць мігрантаў, якія намагаюцца трапіць у Еўразвяз.

Улады Польшчы рыхтуюцца да новай хвалі міграцыйнага крызісу з удзелам Беларусі і РФ

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны