Прэзідэнтка Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай упэўненая: калі б усе беларусы прачыталі кнігі Святланы Алексіевіч, то не было б катаванняў і гвалту, што трываюць у нашай краіне з 2020 года. Яна заявіла пра гэта ў эфіры «Белсату», завітаўшы ў студыю з нагоды 75-годдзя славутай пісьменніцы.
«Асоба, якая мае вялікі ўплыў, нястомна цікавіцца беларускай літаратурай, сітуацыяй у беларускай культуры», – гэтымі словамі распачала свой аповед пра Святлану Алексіевіч кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.
Яна ўпэўненая: рэпрэсіі ды гвалт у Беларусі – наступствы таго, што кнігам Алексіевіч не надавалася багата ўвагі:
«Калі б мы, беларусы, добра вывучылі ўсе ейныя кнігі, не здарылася б 2020 года. Альбо, калі б ён здарыўся, то беларускія грамадзяне не бралі б удзелу ў збіцці, у катаваннях сваіх жа грамадзянаў, сваіх суседзяў, чальцоў сям’і, знаёмых. Гэта ўсё не да канца прачытаныя і не да канца вывучаныя кнігі Святланы Алексіевіч».
Нядбай таксама распавяла пра цяперашнія размовы з нобэлеўскай лаўрэаткай. Кажа, што сумуе па радзіме і па размовах з беларусамі:
«Ёй вельмі падабаецца размаўляць з людзьмі, гэта тое, пра што мы цяпер з ёй гаворым, калі сустракаемся. Яна сумуе па тых часах, што былі ў яе ў Менску, яна сумуе, хоча вярнуцца дадому. Скрадзены дом сёння ва ўсіх. Усе, хто не па сваёй волі апынуўся ў эміграцыі, хацелі б вярнуцца дадому».
Прэзідэнтка Беларускага ПЭНу адзначыла, што Алексіевіч даводзіцца цяпер разрывацца паміж пісьменніцкай працай і аповедамі пра сітуацыю на радзіме.
«Святлана можа напісаць кнігу, якую іншы напісаць не можа. І ў гэтым сэнсе я бы ставіла на тое, што яна мусіць быць пісьменніцай. Пры гэтым яна не адмаўляецца цалкам ад сваёй місіі як голасу беларускага грамадства, голасу дэмакратычных сілаў. Святлана па-ранейшаму той голас, што гатовыя слухаць і чуць замежныя палітыкі, журналісты, замежная аўдыторыя, але сама яна не мае столькі сілаў», – сказала Таццяна Нядбай.
Яна канстатавала, што грамадская дзейнасць адцягвае спадарыню Святлану ад працы над новымі, доўгачаканымі кнігамі.
«Спачатку планавалася кніга пра любоў, цяпер умяшалася ў жыццё рэвалюцыя, падзеі 2020 года, вайна… А Святлана заўсёды рэагавала на маштабныя падзеі не таму, што яны былі выгодныя для кніг, а таму, што яны былі патрэбныя дзеля сістэмнага погляду, чалавечага погляду, гуманістычнага погляду на болевыя кропкі, якія здараліся ў свеце і якія так ці інакш закраналі нас усіх», – патлумачыла госця «Студыі Белсату».
Нядбай таксама звярнула ўвагу, што абодва беларускіх нобэлеўскіх лаўрэата – і Святлана Алексіевіч, і праваабаронца Алесь Бяляцкі – паходзяць з літаратуры.
«Бяляцкі ствараў праваабарончы цэнтр «Вясна» на базе каманды, што працавала ў музеі Максіма Багдановіча, гэта філолагі, літаратары, якія зыходзяць з той самай гуманістычнай ідэі, як і Святлана. Менавіта гэтая гуманістычная ідэя, гэтая ўвага да асобы, да годнасці, – тое, што з’яўляецца ў цэнтры і ў Бяляцкага, і ў Алексіевіч», – падсумавала Таццяна Нядбай.
31 траўня Святлане Алексіевіч споўнілася 75 гадоў. З 2020 года яна жыве ў эміграцыі, зазнаўшы палітычны пераслед за падтрыманне пратэстаў і далучэнне да Каардынацыйнай рады.
Нобэлеўскую прэмію Алексіевіч атрымала ў 2015 годзе «за шматгалосую творчасць – помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Яна аўтарка кніг «У вайны не жаночы твар», «Апошнія сведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя смерцю», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд».
Сяргей Крот belsat.eu