У візавых цэнтрах беларусаў дыскрымінуюць – і гэта яшчэ калі ўдасца запісацца на візіт. Гуманітарныя візы беларусам у Польшчы выдаюць у абмежаванай колькасці выпадкаў. «Ковідны» працяг візаў могуць скасаваць. А міжнародная абарона пасуе не ўсім. Цэнтр беларускай салідарнасці расказаў пра самыя складаныя праблемы, якія спрабуе развязаць. Міністэрства замежных справаў пакуль не адказала «Белсату» на пытанні пра гэтыя праблемы.
Абноўлена. Міністэрства замежных справаў Польшчы адказала «Белсату» на пытанні аб прэтэнзіях Цэнтру беларускай салідарнасці. Працоўная група, адзначыла МЗС, дзейнічае пры Міністэрстве ўнутраных справаў, таму пытанні аб ёй трэба адрасаваць МУС. Таксама МУС параілі адрасаваць пытанні пра ўезд і знаходжанне замежнікаў на тэрыторыі Польшчы. Пра дыскрымінацыю беларусаў у візавых цэнтрах «VFS Global» МЗС Польшчы не мае інфармацыі, а заявы аб тым, што сістэма запісу ў візавыя цэнтры практычна ніколі не працуе, МЗС называе няпраўдай.
Калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, Польшча, як і шэраг іншых краінаў, стала пускаць уцекачоў нават без пашпарта. Разгарнулася шырокая кампанія дапамогі тым, хто бяжыць ад вайны. Быў прыняты адмысловы закон аб дапамозе ўцекачам з Украіны, але аказалася, што ён распаўсюджваецца далёка не на ўсіх беларусаў, якія ўцякалі з Украіны. А тысячы беларусаў з 2020 года ўцякалі ад палітычных рэпрэсіяў як у Польшчу, так і ва Украіну, а затым з Украіны ад вайны і дыскрымінацыі як грамадзянаў дзяржавы-суагрэсара.
У канцы сакавіка 2022 года Святлана Ціханоўская дамовілася з міністрам унутраных справаў Польшчы на стварэнне працоўнай групы пры МУС з удзелам юрыстаў Офісу Ціханоўскай і Цэнтру беларускай салідарнасці. Група мусіла развязаць праблемы беларускіх уцекачоў у Польшчы.
Першы час група працавала інтэнсіўна. У красавіку Сейм Польшчы прыняў новую пастанову, якая спрасціла легалізацыю беларусам. Але гэтая пастанова таксама ахапіла не ўсіх беларусаў, каму была патрэбная дапамога (спачатку абяцалі ахапіць усіх), а дзейнасць працоўнай групы замарудзілася. Выдачу гуманітарных візаў на тэрыторыі Польшчы і выдачу відаў на жыхарства ўладальнікам гуманітарных візаў анансавалі яшчэ ў красавіку, але раз за разам пераносілі дату ўвядзення. Гуманітарныя ВНЖ увялі ў ліпені, а механізм з візамі – толькі ў верасні.
Дырэктарка дэпартаменту прававой дапамогі Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская 25 кастрычніка расказала журналістам, што выйшла з працоўнай групы. Кажа, тая група толькі «фармальна існуе», яна «больш палітычная», а шмат якія праблемы развязаць не можа. Цэнтр беларускай салідарнасці таксама збіраецца заявіць адкрытую скаргу на Міністэрства замежных справаў Польшчы, бо на практыцы заяўлены механізм не працуе так, як польскія ўлады абяцалі.
Акрамя таго, Цэнтр беларускай салідарнасці працягвае ранейшую працу: дзеіць група юрыстаў ды інфалінія, а таксама «аддзел правасуддзя». Апошні займаецца справамі ва ўніверсальнай юрысдыкцыі: у Польшчы ўжо пачалі некалькі справаў адносна злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць грамадзянаў Беларусі. Пра гэтыя справы пакуль не могуць расказаць публічна, але адзначаюць працу двух іншых аддзелаў.
Беларусы, якія маюць дзейныя гуманітарныя візы, а таксама беларусы, якія заставаліся ва Украіне на легальных падставах беспасярэдне да 24 лютага і легальна прыбылі на тэрыторыю Польшчы ў сувязі з вайною, могуць падаць заяву на нацыянальную візу проста на тэрыторыі Польшчы. Дабравольская наракае, што гэтае рашэнне не закранае яшчэ часткі беларусаў, якія застаюцца ў Польшчы і не могуць вярнуцца на радзіму (калі не віза, то выйсце – міжнародная абарона, пра яе ніжэй). Але нават гэтае рашэнне выконваецца зусім не дасканала.
Па-першае, запісацца ў візавы цэнтр няпроста: на адпаведным сайце практычна ніколі няма вольных месцаў. Падобная праблема і з запісам на падачу дакументаў на від на жыхарства. Пра гэта, кажа Дабравольская, «гадамі крычаць», але праблема не развязваецца. І калі дакументы на від на жыхарства яшчэ можна падаць праз пошту ці альтэрнатыўную «павольную» чаргу, то з візамі такіх варыянтаў няма.
Па-другое, беларусам нярэдка адмаўляюць у прыёме дакументаў у візавых цэнтрах. Дабравольская настойвае, што гэта робяць беспадстаўна. Найчасцей кажуць, што не прымуць заяву, бо ў пашпарце бракуе вольных старонак, ці што пашпарту больш за 10 гадоў, зрэдку – што пашпарт пашкоджаны і надпісаў не прачытаць. Пісьмовай адмовы не даюць, а адмаўляюць толькі на словах, таму абскардзіць рашэнне немагчыма.
«Функцыя візавых цэнтраў тэхнічная: прыняць і перадаць», – абураецца Дабравольская.
Адмыслоўца тлумачыць, што закон дазваляе даваць візы і ўладальнікам такіх пашпартоў, калі ёсць «асаблівыя абставіны», але гэта мусіць інтэрпрэтаваць МЗС, а не візавы цэнтр. Паводле юрысткі, МУС Польшчы адказаў Цэнтру беларускай салідарнасці, што так і ёсць, але перакіраваў у МЗС. Адказу не было.
Калі юрысты спрабуюць дапамагчы заяўнікам у візавых цэнтрах, то работнікі візавых цэнтраў пагражаюць паліцыяй, а аргументаў не прымаюць. Паліцыю выклікалі ў тым ліку на юрыстаў Цэнтру беларускай салідарнасці, хоць паліцыянты не зрабілі юрыстам нічога кепскага, але і праблема не развязалася.
Яшчэ адна праблема з візавымі цэнтрамі ў тым, што працаўнікі не валодаюць польскаю мовай і адмаўляюцца размаўляць па-расейску, расказвае Дабравольская. Але як нанятыя польскаю дзяржаваю людзі могуць інтэрпрэтаваць польскія законы, калі не валодаюць польскаю мовай? Юрыстка кажа: не ясна, гэта праява дыскрымінацыі з боку саміх працаўнікоў ці нейкі палітычны загад. Так ці інакш, размаўляць з візавымі цэнтрамі ў справе заканадаўства не атрымоўваецца.
Візавых цэнтраў «VFS Global», якія прымаюць дакументы на гуманітарныя візы на тэрыторыі Польшчы, усяго тры: у Варшаве, Любліне і Познані. Дабравольская кажа, што такія праблемы – ува ўсіх трох. Цэнтр беларускай салідарнасці ладзіў маніторынг варшаўскага, іншыя арганізацыі – люблінскага і познанскага візавых цэнтраў, і ўва ўсіх заўважылі за работнікамі невалоданне польскаю мовай і негатыўнае стаўленне да беларусаў.
Польшча на канец верасня прыняла амаль 60 тысяч беларусаў: 29 тысячаў маюць сталы від на жыхарства, 24 тысячы – часовы від на жыхарства. Статус уцекача далі тром сотням беларусаў, дадатковую абарону – больш як тром тысячам. Паводле звестак Цэнтру беларускай салідарнасці, цяпер разглядаецца яшчэ больш за чатыры тысячы заяваў беларусаў на міжнародную абарону.
Міжнародная абарона – гэта механізм для тых, у каго ёсць доказы індывідуальнага пераследу, альбо існуе высокі ўзровень рызыкі такога пераследу з палітычных матываў, то бок для тых, каму вяртацца ў Беларусь небяспечна. Шмат хто хацеў бы пазбегнуць гэтай працэдуры, расказвае Дабравольская. Працэдура можа трываць больш за год (звычайна 6 месяцаў, а апошнім часам нават хутчэй). Цягам першых шасці месяцаў разгляду працэдура не прадугледжвае доступу да рынку працы, а калі заяўнік не хоча ўвесь гэты час сядзець у лагеры ўцекачоў, мае толькі сацыяльную выплату 750 злотых (менш за 160 долараў) за месяц.
Хтосьці не мае запасаў грошай, не хоча працаваць нелегальна і сядзець у лагеры ўцекачоў, таму даводзіцца літаральна пабірацца па фондах. На час працэдуры забіраюць пашпарт (замест яго даюць часовы дакумент), а для шмат каго, хто перажыў рэпрэсіі, гэта цяжкі псіхалагічны момант. Таксама ў час працэдуры нельга ездзіць за мяжу: для кагосьці гэта «канец кар’еры», іншыя баяцца страціць магчымасць вярнуцца ў Беларусь у экстрэмальным выпадку кшталту смерці сваякоў. Некаторыя баяцца, што за атрыманне міжнароднай абароны ў іх адбяруць маёмасць у Беларусі.
Міжнародную абарону могуць даць у выглядзе статусу ўцекача або дадатковай абароны. Гэта дае падобныя правы, але статус уцекача лепшы, тлумачыць Дабравольская, бо з ім даюць міжнародна прызнаны «пашпарт уцекача» (жэнеўскі пашпарт), а дадатковая абарона – больш «лакальны» інструмент, які распрацавалі і выкарыстоўваюць толькі ў Еўразвязе. Дадатковая абарона прадугледжвае выданне мясцовага праязнога дакументу толькі ў выпадку, калі тэрмін дзеяння беларускага пашпарта скончыўся, ці з іншых прычынаў ён не можа быць выкарыстаны для мінання мяжы. Тэрмін дзеяння такога дакументу – толькі адзін год.
Алесь Наваборскі belsat.eu