ISW: Лукашэнка і Сі Цзінь Пін маглі дамовіцца пра абыход санкцыяў

Сярод пагадненняў і мемарандумаў, падпісаных 1 сакавіка падчас візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, ёсць дакументы, якія могуць садзейнічаць абыходу санкцый у дачыненні да Расеі. Пра гэта заявілі аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW).

Сі Цзінь Пін і Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

У ISW адзначылі, што Лукашэнка і старшыня КНР Сі Цзінь Пін падпісалі 16 дакументаў. З іх падазрэнні выклікаюць стратэгія сумеснага прамысловага развіцця, план навукова-тэхнічнай супрацы на 2023-24 гады і мемарандум аб узаемаразуменні адносна сумесных праектаў з выкарыстаннем дзяржаўных крэдытаў КНР.

У прыватнасці, адзначаецца зацікаўленасць Лукашэнкі ў вывучэнні кампетэнцыяў і тэхналогіяў кітайскіх кампаніяў у галіне фармавання кампанентнай базы, вытворчасці рухавікоў, трансмісіяў, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў.

Тым не менш, у ISW таксама мяркуюць, што Лукашэнка такім чынам таксама спрабуе «застрахавацца ад расейскага інтэграцыйнага ціску, хоць гэтыя захады ў лепшым выпадку адтэрмінуюць кампанію Расеі для забеспячэння поўнага эканамічнага кантролю над Беларуссю».

Эксперт: Кітай хоча аддачы, а сістэма Лукашэнкі гэтага прапанаваць не можа

Адметна, што візіт Лукашэнкі ў Кітай выклікаў насцярожанасць краінаў Захаду. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі кажа, што нагодай сталі раней агучаныя ў медыях меркаванні, што Кітай можа паставіць для Расеі праз Беларусь беспілотнікі, каб не трапіць пад санкцыі. Тым больш што Беларусь самастойна развівае вытворчасць беспілотнікаў, ды і наагул досвед кантрабанды даволі вялікі.

Акрамя зброі Захад больш занепакоены антызаходнімі настроямі ў кітайскім кіраўніцтве. У ЗША назіраюць за тым, якія канфігурацыі Кітай спрабуе пабудаваць у свеце, мяркуе гісторык Яўген Красулін.

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны