Стала вядома, колькі ІП закране новы закон і навошта ён увогуле прымаўся

Новы закон аб ІП закране каля 40 тысяч прадпрымальнікаў. Пра гэта 2 траўня ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавёў журналістам намеснік міністра эканомікі Уладзімір Навумовіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Паводле ацэнак Мінэканомікі, такая колькасць ІП папаўняе бюджэт на 150 млн рублёў за год, а гэтая ж колькасць юрыдычных асобаў – на суму каля 440 млн рублёў.

Пры гэтым першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко адзначыў, што закон не мае фіскальнай мэты і прарыўных паступленняў у бюджэт дадатковых сродкаў ад яго рэалізацыі спецыялісты не чакаюць.

Акрамя гэтага, чыноўнікі распавялі, навошта ўвогуле прымаецца новы закон.

«Самазанятыя ў нас канкуруюць з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, ІП – з арганізацыямі, прычым у відах дзейнасці, якія часта перасякаюцца, – сказаў Дзмітрый Кійко. – Гэты закон упарадкуе арганізацыйна-прававыя формы і дазволіць грамадзянам рэалізаваць прадпрымальніцкі патэнцыял, зліквідаваць залішнюю канкурэнцыю паміж гэтымі формамі і ў выніку без залішняга фіскальнага ціску і адміністрацыйнага рэгулявання павысіць аддачу суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў плане фармавання бюджэту краіны».

Са словаў Змітра Кійко, уклад субʼектаў малога прадпрымальніцтва ў фармаванне бюджэту за апошнія два гады павялічыўся на 600 млн рублёў.

У сваю чаргу, Уладзімір Навумовіч адзначыў, што для ІП сёння лягчэй адкрыць бізнес, чым для юрыдычнай асобы. Пры гэтым у апошніх больш выдаткаў.

«Прымаючы новы закон, дзяржава вырашала ў тым ліку задачу ў частцы выраўноўвання ўмоваў гаспадарання для ІП і юрыдычных асобаў», – сказаў намеснік міністра.

Паводле звестак Белстату, на 1 красавіка гэтага года ў Беларусі налічвалася амаль 249,8 тысяч ІП. З іх большая частка, а гэта 34,4 %, занятыя ў гандлі.

Змены ў законы, датычныя працы ІП, апублікавалі 26 красавіка. Цяпер ІП і арганізацыі да 100 асобаў будуць адносіцца да суб’ектаў малога бізнесу.

Прадпрымальніцтвам не будзе лічыцца праца адвакатаў, натарыусаў, трацейскіх суддзяў і медыятараў, часовых навуковых калектываў і камандаў, якія займаюцца культурніцкімі імпрэзамі.

Юрыдычнымі асобамі будуць малыя арганізацыі да 100 працаўнікоў, сярэднія – да 250 працаўнікоў і буйныя – больш за 250 працаўнікоў. У пералік фізічных асобаў трапілі рамеснікі, уладальнікі аграсядзібаў, самазанятыя і ІП.

Паводле новага заканадаўства, да 1 ліпеня ўрад вызначыць віды дзейнасці, якімі могуць займацца ІП. Публічнае абмеркаванне праектаў з гэтымі пералікамі пачнецца 15 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Рэгістрацыю ІП для варыянтаў, што не ўвайшлі ў пералік, спыняць з 1 кастрычніка.

Са словаў Ірыны Бабачонак, намесніцы дырэктара Дэпартаменту прадпрымальніцтва Мінэканомікі, да канца 2025 года ІП мае права прадоўжыць працу ў звыклым статусе незалежна ад таго, увайшоў гэты від дзейнасці ў пералік дазволеных ці не.

Раней экспертка паведаміла, што ў пераліку дазволеных відаў дзейнасці для ІП застануцца раздробны гандаль, паслугі транспартавання пасажыраў, а таксама будаўнічыя працы, якія «не патрабуюць сур’ёзнага тэхналагічнага рыхтавання».

Цяпер ІП і платнікі падатку на прафесійны даход абавязаныя выплачваць унёскі ў бюджэт фонду. Пачынаючы з 1 кастрычніка 2024 года да іх дадаюцца грамадзяне, якія ажыццяўляюць рамесную дзейнасць, выплачваюць рамесны збор  і ажыццяўляюць дзейнасць у сферы аграэкатурызму. Законам да платнікаў унёскаў у ФСАН дададзены і грамадзяне, якія ажыццяўляюць прафесійную дзейнасць, пры вядзенні якой выплачваецца адзіны падатак.

Што будзе з індывідуальнымі прадпрымальнікамі?

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны