Вагнэравец Брэст павіншаваў Беларусь з Днём Незалежнасці

Скандальна вядомы Аляксей (Брэст) Бярговін зноў з’явіўся на відэа. Гэтым разам ён павіншаваў РБ з афіцыйным Днём Незалежнасці і нават адсалютаваў з трох гарматаў. Пра гэта паведамляе блізкі да наймітаў тэлеграм-канал «Белорусский силовик».

Аляксей (Брэст) Бярговін. Здымак з відэа: «Белорусский силовик» / Telegram

3 ліпеня вагнэравец Аляксей (Брэст) Бярговін размясціў відэавіншаванне з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Ён пажадаў беларускім мужчынам быць моцнымі і адзначыў, што моц не ў мускулах, а ў здольнасці браць адказнасць. Удзельнік ПВК Вагнэра таксама паведаміў, што да віншавання далучаюцца ўсе супрацоўнікі арганізацыі.

Дзе запісалі відэа, пакуль невядома. Аднак віншаванне ад баевіка выглядае як здзек, бо планы размяшчэння ў Беларусі 8000 наймітаў-вагнэраўцаў уяўляюць пагрозу не толькі суверэнітэту і незалежнасці краіны, але і нават дзейнаму рэжыму. Не іначай як пагрозу магчымы прыход вагнэраўцаў на беларускую тэрыторыю разглядаюць у Польшчы ды краінах Балтыі.

Чаму «Вагнэр» небяспечны для Польшчы і краінаў Балтыі?

Раней «Белсат» паведамляў, што 28 чэрвеня ўдзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст запісаў тлумачальнае відэа, у якім кажа, што Беларусь сталася новым баявым кірункам, намякае на магчымы ўплыў на сітуацыю ў краіне перад выбарамі 2024 года і стратэгічна важнае становішча поўначы ад Украіны, якое цяпер займаюць найміты. Паводле «Белсату», вагнэраўца завуць Аляксей Бярговін, ён з Магілёўскай вобласці, з Горак, былы афіцэр спецназу, у ПВК Вагнэра – з 2015 года.

Удзельнік ПВК Вагнэра з пазыўным Брэст: Адкрываецца новы баявы кірунак – Беларусь

1 ліпеня стала вядома, што каля артылерыйскага вайсковага мястэчка Цэль і адпаведнага палігону каля Асіповічаў пабудавалі палявы лагер на 8000 асобаў. Імаверна, ён прызначаны для размяшчэння ПВК Вагнэра.

Намётавы лагер на 8 тыс. асобаў пабудаваны пад Асіповічам. Імаверна, для вагнэраўцаў

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны