Як ціснуць на культуру ў Беларусі. ПЭН-цэнтр апублікаваў маніторынг за студзень – сакавік 2021 года
2021.05.06 14:41
За першы квартал 2021 года ў Беларусі зафіксавалі 291 выпадак парушэння правоў у галіне культуры, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр у маніторынгу. Гэта амаль столькі ж, колькі ў мінулым квартале, пры тым за ўвесь 2020 год такіх парушэнняў зафіксавалі 593 выпадкі.
У топе парушэнняў — пераслед за іншадумства, адвольныя затрыманні, парушэнне права на юрыдычную дапамогу і парушэнне права на справядлівы суд.
Парушэнні правоў чалавека ў дачыненні дзеячаў культуры і культурных правоў. Выява: Беларускі ПЭН-цэнтр
Сярод зняволеных, якіх беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі, 33 адносяцца да дзеячаў культуры, яшчэ 4 культурныя дзеячы асуджаныя на «хатнюю хімію».
Крымінальныя справы за нібыта рэабілітацыю нацызму супраць кіраўніцтва Саюзу палякаў і мастака Алеся Пушкіна.
Блакаванне рахункаў выдавецтваў «Янушкевіч» і «Кнігазбор», затрыманні і допыты выдаўцоў Генадзя Вінярскага, Алеся Яўдахі, Андрэя Янушкевіча.
Суды за нібыта экстрэмісцкія кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя» і «Беларускі Данбас», няпропуск мытняю «Беларускай нацыянальнай ідэі» і раману Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя».
Затрыманне пенсіянераў за «несанкцыянаваную акцыю», якой палічылі чытанне ў цягніку кніг беларускіх пісьменнікаў. Кнігі Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча, Ніла Гілевіча ды іншых міліцыянт назваў у судзе апазіцыйнаю літаратураю.
Скасаванне дамоваў на продаж у сетцы «Белсаюздрук» часопісу «Наша гісторыя» і газеты «Новы час».
Скасаванне дамовы арэнды з культурнымі хабамі «ОК16» і «MAF», ператрусы ў прасторах «Другі паверх» і «Крылы халопа», закрыццё гарадзенскага бару і арт-прасторы «Трэцяе месца», гомельскага «Red Pub» і перашкоды менскаму бару «Графіці».
Звальненні работнікаў тэатраў, музеяў, адукацыйных установаў за актыўную грамадзянскую пазіцыю.
Адмовы музыкам і артыстам у выдачы гастрольных пасведчанняў.
Адвольныя затрыманні, выклікі на допыты, спробы пранікнення ў кватэры, арышты за карыстанне гістарычнаю сімволікай, а таксама затрыманне слухачоў курсаў беларускай мовы ў Ваўкавыску.
237 зняважлівых і дыфамацыйных выказванняў на адрас 89 дзеячаў культуры ў дзяржаўных СМІ.