У лютым у Менску істотна вырасла колькасць здзелак куплі-продажы кватэры. Аналітыку па рынку нерухомасці апублікавала агенцтва «Твая сталіца».
У апошнім месяцы зімы ў Менску зафіксавалі каля 1300 здзелак продажу кватэраў.
«Выдатны, можна сказаць, уражлівы вынік», – заявілі ў «Тваёй сталіцы».
Калі ў студзені пакупнікі «паводзілі сябе асцярожна: прыглядаліся, сачылі за валютай і коштамі на нерухомасць», то ў лютым «актыўнасць расла штотыдзень і паводле тэлефанаванняў, і паводле колькасці здзелак».
Для параўнання, у лютым 2022 года здзелак было толькі 1080. А рэкордны паказнік у 1400 здзелак быў зафіксаваны ажно ў 2018 годзе.
Большасць здзелак праходзіць у механізме «ланцужка», калі чалавек купляе кватэру пасля продажу сваёй.
Сярэднія цэны па факце здзелак у Менску склалі за аднапакаёвую кватэру – $ 1230 за квадратны метр (у гатовай да пражыцця – $ 1460), за двухпакаёвую – $ 1115 ($ 1405), за трохпакаёвую – $ 1035 ($ 1335).
Амаль кожную чацвёртую кватэру куплялі асобы з рэгіёнаў, а кожны пяты пакупнік браў кватэру ў крэдыт. Сярэдняя зніжка складала 4,9%.
Пры гэтым аўкцыён для продажу трохпакаёвай кватэры Ціханоўскіх у Менску, які стартаваў 6 сакавіка, не адбыўся, бо не знайшлося ахвочых яе купіць. Кватэру выставілі на продаж за кошт, ніжэйшы ад рынкавага.
Якуб Хруст belsat.eu