«Еўрабачанне-2024» – ізноў без Беларусі і нечакана змрочна. Хто ад суседзяў і на каго ставяць

«Еўрабачанне» ў 2024 годзе надзіва дэпрэсіўнае як для поп-конкурсу: нават за вясёлымі песнямі хаваюцца змрочныя ці цяжкія тэмы. Першы паўфінал – 7 траўня, другі – 9-га. Фінал – 11 траўня, у ім можна галасаваць з Беларусі.

Лагатып «Еўрабачання-2024». Выява: Eurovision.tv

Спеўны конкурс «Еўрабачанне» ў 2024 годзе пройдзе ў шведскім Мальмё. Гэты горад прымае конкурс ужо трэці раз, і ўжо другі раз «Еўрабачанне» прывезла спявачка Лёрээн. Летась яна перамагла з песняю «Tatoo», таксама перамагала ў 2012 годзе з песняй «Euphoria».

Першы паўфінал запланавалі на 7 траўня, другі – на 9-га, фінал – 11-га. Пачатак усіх трох – а 21:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага (і польскага) часу, або а 22:00 паводле менскага і віленскага.

Ужо пяты год Беларусь не едзе на «Еўрабачанне»

Апошні раз Беларусь была рэпрэзентаваная на «Еўрабачанні» ў 2019 годзе: спявачка Zena тады заняла ў фінале 24-е месца з 26. У 2020-м Беларусь меўся прадстаўляць дуэт «VAL» з песняю «Да відна», але конкурс скасавалі праз пандэмію, а потым Белтэлерадыёкампанія разарвала з дуэтам пагадненне праз занадта «несумленнае» інтэрв’ю, а дуэт казаў, што хацеў бы «рэпрэзентаваць свабодную краіну».

У 2021 годзе БТ збіралася паслаць праўладны гурт «Галасы ЗМеста», але дзве іхныя песні адхілілі арганізатары конкурсу. Этна-электронны гурт «Shuma» тады запісаў «эмігранцкую песню для «Еўрабачання», але на конкурсе не выступаў. БТ «замарозілі» ўдзел у Еўрапейскім трансляцыйным звязе, які ладзіць «Еўрабачанне».

Суды, эміграцыя, званні і «Міратворац». Што стала з беларускімі ўдзельнікамі «Еўрабачання»

Беларусы не могуць выслаць канкурсанта ад сваёй краіны ў абыход БТ. Як тлумачыла «Белсату» прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Аліна Коўшык, правілы конкурсу сканструяваныя так, што ў ім могуць браць удзел толькі прадстаўнікі тых тэлерадыёкампаніяў, якія ёсць чальцамі Еўрапейскага трансляцыйнага звязу. А ў гэты звяз цяпер не ўваходзяць ніякія беларускія каналы, нават «Белсат».

На Еўрабачанне сёлета ўсё ж мог трапіць беларус: комік Дзмітрый Саўян пад псеўданімам Pan Savyan падаваў заяўку на ўдзел ад Польшчы з рэтра-іранічнаю песняю «W kolorku amaretto» («Колеру амарэта»), якая сталася інтэрнэт-мэмам. У нацыянальным адборы журы аддала перавагу іншаму выканаўцу, але Саўян не здаецца і ўжо думае над заяўкай у наступным годзе, а таксама працуе над альбомам «Piosenki dla ciebie i twojej mamusi» («Песенькі для цябе і тваёй мамусі»).

Як беларускія «Kurwadziki» робяць Беласток great again. Вялікае інтэрв’ю з «Адкрыццём года»

Хто едзе ад суседзяў Беларусі

Агулам у конкурсе сёлета бяруць удзел прадстаўнікі 37 краінаў, ад Ісландыі да Аўстраліі. Ісландыю, дарэчы, у другі раз рэпрэзентуе Гэра Б’ёрк, якую не трэба блытаць з больш знакамітаю Б’ёрк Гюдмюндстоўхтыр, якая выступае як проста Björk.

Ад удзелу з розных прычынаў адмовіліся Андора, Балгарыя, Боснія і Герцагавіна, Манака, Паўночная Македонія, Румынія, Славаччына, Турэччына, Чарнагорыя. Як і Беларусь, ад конкурсу адхілілі Расею.

Украіну ў першым паўфінале рэпрэзентуюць спявачкі Alyona Alyona і Jerry Heil з песняю «Teresa & Maria» на ўкраінскай мове з устаўкамі па-англійску. Спявачкі даўно сябруюць, ужо запісвалі разам гіты «Рідні мої» і «Купала». Як і мінулыя іхныя дуэты, гэты – пра ўкраінскія боль і нязломнасць.

Ад Польшчы ў першым паўфінале выступіць спявачка Luna. Звярніце ўвагу: пад такім псеўданімам выступае вельмі шмат выканаўцаў: ад паўднёвакарэйскага дзявочага поп-гурта да ўкраінскага сімфанічнага дум-мэтал-праекту. На «Еўрабачанне» пад гэтым псеўданімам сёлета едзе полька Александра Катажына Вельгомас. Яна спяе энергічную англамоўную песню «The Tower», у нечым падобную да творчасці Б’ёрк (але не той, якая сёлета выступае на «Еўрабачанні», а той, якая больш знакамітая). І не падманвайцеся пяшчотным гучаннем: песня даволі змрочная, пра самотны шлях да сваёй мэты.

Літву ў першым паўфінале рэпрэзентуе Сільвястрас Бяльце, які яшчэ ў 2010 годзе спрабаваў трапіць на дзіцячае «Еўрабачанне», у 2017-м перамог у музычным тэлешоу «Aš – superhitas», браў удзел «X Faktorius». Сёлета на Еўрабачанні выступіць пад псеўданімам Silvester Belt з літоўскамоўнаю песняй «Luktelk» («Пачакай»). Ізноў жа, песня бадзёрая, але дэпрэсіўная: пра падвешаны стан між сапраўдным жыццём і проста існаваннем. Дарэчы, літоўскі канкурсант ужо паспяваў «Тэрэзу і Марыю» з украінкамі.

З Латвіі на «Еўрабачанне» едзе адзін з самых папулярных тамтэйшых спевакоў Dons з англамоўнаю «Hollow» («Пусты») – непрыхавана змрочнаю песняю пра пустэчу ўсярэдзіне, якая яго забівае, а ён не хоча запаўняць пустэчу дарэмнаю вераю. Dons выступіць у другім паўфінале.

Эстонію ў другім паўфінале рэпрэзентуе калабарацыя двух гуртоў «5MIINUST x Puuluup» з песняю па-эстонску «(Nendest) narkootikumidest ei tea me (küll) midagi», што перакладаецца як «Я праўда нічога не ведаю пра гэтыя наркотыкі». Хоць калі паглядзець на развясёлы хаос на сцэне, у тэкст песні верыцца слаба. Рэдкі для сёлетняга «Еўрабачання», калі песня не мае змрочнага падтэксту (калі, вядома, не лічыць за такі праблему наркатычнай залежнасці).

Ад Грузіі, дзе цяпер жыве нямала беларусаў, на «Еўрабачанне» едзе спявачка Нуца Бузаладзэ, выступіць у другім паўфінале. Яна мае цікавую інтэрнацыянальную кар’еру: расла ў Турэччыне, у 2014 годзе перамагла на расейскім фэсце «Новая волна» ў латвійскай Юрмале, спрабавала адабрацца на «Еўрабачанне» ў 2017-м, брала ўдзел у турэцкім конкурсе «The Voice of Turkey», расейскім шоу «Ну-ка, все вместе», у конкурсе албанскай песні «Kënga Magjike» і ў шоу «American Idol» у Штатах, урэшце пераехала ў Дубай, але заваявала права рэпрэзентаваць Грузію на «Еўрабачанні» з англамоўнаю песняю «Firefighter» («Пажарніца»), нягледзячы на скандал на радзіме: год таму ёй давялося апраўдвацца за выступ у Расеі падчас вайны ва Украіне.

На каго ставяць

Адназначны фаварыт конкурсу – харват Марка Пурышыч з псеўданімам Baby Lasagna, які выступіць у першым паўфінале. На конкурс ён вязе англамоўны індастрыял-мэтал «Rim Tim Tagi Dim». За жартаўлівым тонам хаваецца сур’ёзная тэма: спявак апавядае, як пакідае родную вёску, з’язджае ў горад і баіцца, што ўжо не вернецца дамоў. Ды гучыць гэта так, быццам шведы «Pain» атрымалі зарад бадзёрасці ад эстонскіх гасцей.

Паводле букмекерскіх кантораў, шанцы на перамогу бачаць таксама ва ўкраінскага дуэту і ў швейцарскага рэпера Nemo, які выступіць у другім паўфінале з быццам бы вясёленькай англамоўнай песняй «The Code» («Код») пра няпростую гісторыю асэнсавання сябе як небінарнай персоны.

Таксама адносна шмат ставяць на прадстаўніцу Італіі Анджэліну Манга і ейную песню «La noia» («Нуда»). У энергічным і сексуальным выступе яна апавядае, як памірае ад нуднага і бессэнсоўнага стэрэатыпнага жыцця жанчыны між працай і хатнімі клопатамі. Яна адразу трапляе ў фінал, бо Італія – у ліку краінаў-арганізатараў конкурсу, але выступіць па-за конкурсам таксама і ў другім паўфінале.

Беларусы глядзяць меней Еўрабачанне, але песню пра Пуціна і Лукашэнку заўважылі

Вакол Ізраілю – два скандалы

На «Еўрабачанні» сёлета будуць павышаныя захады бяспекі праз удзел прадстаўніцы Ізраілю на фоне пратэстаў супраць вайны ў Газе.

Расейска-ізраільская спявачка Эдэн Галян збіралася выступаць у другім паўфінале з песняй «October Rain» («Кастрычніцкі дождж»), у якой пабачылі адсылкі да атакі тэрарыстаў «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. Песню адхілілі як занадта палітызаваную. Таксама адхілілі і запасны варыянт – «Dancing Forever» («Вечны танец»), у якой пабачылі намёкі на атаку тэрарыстаў на музычны фэст. Нарэшце ўхвалілі пераробленую першую песню, ужо пад назваю «Hurricane» («Ураган»). Давялося прыбраць нават слова «кветкі», якое на ізраільскім вайсковым жаргоне азначае загінулых вайскоўцаў.

Не зважаючы на тое, што песню адцэнзуравалі, прыхільнікі Палестыны працягнулі пратэсты супраць самога ўдзелу Ізраілю ў конкурсе. Некаторыя ўдзельнікі з іншых краінаў, як адзначалі арганізатары конкурсу, атрымлівалі абразы і пагрозы за тое, што збіраюцца выступаць на адной сцэне з ізраільцянкай. Арганізатары конкурсу паабяцалі не дапускаць выкарыстання сцягоў Палестыны ці палітычных плакатаў на конкурсе. Ізраіль жа выдаў папярэджанне сваім грамадзянам з заклікам не ехаць у Мальмё, бо ёсць абгрунтаваныя засцярогі наконт магчымых тэрарыстычных атак.

З другога боку, украінскія медыі адзначалі, што Галян жыла ў Расеі і выступала ва ўкраінскім Крыме падчас расейскай акупацыі. І, хоць з’ехала з Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, нападу гэтак і не асудзіла.

«У Менску было дэжавю з Прыднястроўем». «Zdob și Zdub» пра палітыку, Міхалка і Еўрабачанне

Як галасаваць і дзе глядзець

У беларускім тэлебачанні конкурсу не пакажуць. У Польшчы «Еўрабачанне» транслюе TVP, у Літве – LRT, у Латвіі – LTV, ва Украіне – «Суспільне», у Грузіі – 1TV. Але беларусы могуць бясплатна паглядзець конкурс у любой краіне праз YouTube – вось трансляцыі першага паўфіналу, другога паўфіналу і фіналу «Еўрабачання».

У глядацкім галасаванні залічаць галасы і ад тых, чые краіны ў конкурсе не бяруць удзелу. То бок галасаваць змогуць і беларусы ў Беларусі. Голас можна будзе аддаць праз сайт Esc.vote, для ідэнтыфікацыі папросяць нумар тэлефона ці банкаўскай карты.

Нацыянальныя журы і гледачы краінаў-удзельніц раздадуць выканаўцам аднолькавую колькасць балаў, але гледачы з краінаў, якія не бяруць удзелу ў конкурсе, дадуць галасы як асобная, 38-ая краіна («рэшта свету»), таму ў агульным выніку гледачы маюць трошкі большую вагу, чымся журы.

Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны