Гэтак пастанавіў суд Партызанскага раёну Менску яшчэ 31 жніўня. У пачатку чэрвеня Беларускую Раду культуры, а таксама яе сайт з усімі сацыяльнымі сеткамі прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем».
Заснавальнік і кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін нагадаў, што гэта першая культурніцкая арганізацыя, якая атрымала статус «экстрэмісцкага фармавання». Аднак цяпер ініцыятыва яшчэ з большым імпэтам будзе працаваць дзеля развіцця беларускай культуры.
«Усё гэта азначае, што ўзяты намі курс правільны, ён цалкам супярэчыць цяперашняй акупацыйнай палітыцы ў сферы культуры, якая палягае ў татальным кантролі, ідэалагічным абслугоўванні, русіфікацыі і мілітарызацыі на фоне штодзённых рэпрэсіяў… Са свайго боку надалей будзем клапаціцца пра бяспеку нашых людзей, дапамагаць тым, хто мае ў патрэбу, спрыяць у рэалізацыі класных творчых ідэяў», – сказаў Сяргей Будкін.
Таксама ў тэлеграм-канале арганізацыя паведаміла, што расцэньвае прызнанне матэрыялаў экстрэмісцкімі як выдатную ацэнку дзейнасці ў інфармацыйным кірунку: «Нашыя медыяспецыялісты безумоўна будуць прэміяваныя!»
У Беларускай Радзе культуры працуюць каля 30 асобаў, але іхных прозвішчаў не называюць. Выканаўчы дырэктар – Аляксандр Чахоўскі, за стратэгічнае развіццё адказвае Мікалай Халезін.
Агулам «экстрэмісцкімі фармаваннямі» ў Беларусі прызнаныя ўжо больш за 80 аб’яднанняў, фондаў, тэлеграм-каналаў і медыяў.
Алена Рувіна belsat.eu