Мы пагутарылі з кіраўніком Беларускай рады культуры (БРК) Сяргеем Будкіным пра тое, у якім стане цяпер беларуская культура і ці можна захаваць яе пад катком рэпрэсіяў альбо за мяжою.
Закрыццё выдавецтваў, нядаўняе затрыманне выдаўца Андрэя Янушкевіча і разгром ягонай кнігарні ў дзень адкрыцця ўразіў Сяргея Будкіна, хаця ён і прызнаецца: у цяперашнім рэчышчы цяжкіх навінаў падавалася, што ўжо нічога не можа здзівіць.
«Гэта мяне здзіўляе, хаця падаецца, што ты ўжо прызвычаіўся да гэтага фону, спрабуеш падыходзіць не эмацыйна, каб далей працаваць. Але такія навіны выбіваюць з каляі. Сітуацыя з Янушкевічам, падаецца, была апошняю спробаю гульні ў адкрытую. Бо цяпер зусім не зразумела, як дзейнічаць творцам, як дзейнічаць дзеячам культуры цяпер унутры Беларусі, калі ідуць татальныя рэпрэсіі, зачысткі і дыктатура.
Залягаць на дно? Замаўчаць? Для некаторых творцаў гэта азначае смерць.
Напрыклад, тэатральныя акторы, як і спартоўцы, павінны быць у форме, пастаянна граць. Мастакі і музыкі павінны выказвацца, ім патрэбны канэкт з публікаю. Калі ты працуеш у шуфляду і ў цябе няма аддачы, то ты згасаеш як творца. Але адказ дадзены: няма ніякіх паўтонаў, для дыктатуры ўсё чорна-белае. Усё, што хоць неяк асацыюецца са свабодаю думкі, унутранаю свабодаю, будзе зачышчанае пад корань», – адзначае суразмоўца.
ГУБАЗіК напісаў паведамленне пра справу Янушкевіча па-беларуску, упершыню сілавікі выкарысталі беларускую мову. З гэтага ў сеціве з’явілася багата жартаў, што сілавікі вынялі кнігі і нарэшце падвучылі беларускую.
Сапраўдныя ж памкненні і мэты не зразумелыя. Кіраўнік Беларускай рады культуры мяркуе, што з гэтага хіба што варта пакпіць:
«Матывы гэтых… ну як, людзей… гэтых суб’ектаў мне невытлумачальныя».
Адразу дзве выставы ў Беларусі пацярпелі ад цэнзуры. У Горадні экспазіцыю «Скульптура» закрылі праз тое, што арганізатары не захацелі прыбіраць з яе твораў, якія не спадабаліся ўладам.
«Прапанаваная нам форма далейшай работы экспазіцыі не задаволіла ні мяне, ні адміністрацыю галерэі… Я не лічу правільным выкрэсліваць з экспазіцыі будзь-каго з аўтараў ці некаторыя іхныя працы па абсалютна надуманых прычынах, агучаных непрафесіяналамі», – напісаў у facebook яе куратар Іван Арцімовіч.
Выстава адкрылася 29 красавіка і прапрацавала 4 гадзіны, потым была зачыненая «праз тэхнічныя прычыны». Паводле інфармацыі Hrodna.life, праблемы цяпер маюць і ўладальнікі галерэі «400 квадратаў».
Выпадак з выставай «Арт-Менск», калі 40 мастакоў атрымалі адмовы ва ўдзеле, стаўся балючаю падзеяй для беларускай культурніцкай супольнасці. Хто канкрэтна пастанавіў, хто адбіраў і адмаўляў творцам у тым, каб паказаць публіцы карціны – так і засталося загадкаю: Міністэрства культуры кіравала да арганізатараў выставы, Саюз мастакоў перанакіроўваў на Палац мастацтва, а там не ў курсе, якія крытэры адбору і хто яго ўвогуле вядзе.
У сеціве пачалася дыскусія: ці этычна выстаўляць свае працы мастакам, якія прайшлі цэнзуру, ці варта на знак салідарнасці з калегамі прыпыніць свой удзел у выставе.
«Тут няма адназначнага адказу. Для мастака хоць які канал камунікацыі з публікаю надзвычай важны. У кожнага варыянту ёсць плюсы і мінусы. Пытанне агаліла і выстава скульптуры ў Горадні. Ці варта выстаўляцца цяпер у дзяржаўных умовах ды ісці на супрацу, каб паказаць сябе? І так, і не.
Расце новае пакаленне, і фармаванне густу таксама вельмі істотнае. А калі яны будуць бачыць толькі агратрэш і прадзяржаўнае мастацтва, то не будзе карысці.
Кожны мастак вырашае сам. Хтосьці можа сысці ў падполле, паставіць сябе на паўзу і схавацца, а хтосьці так не можа і намагаецца паказаць хоць якія свае працы, што прайшлі праз тры колы цэнзуры: унутраную самацэнзуру, арганізатарска-куратарскую і ідэалагічную. Калі ты прайшоў усе гэтыя колы, то ёсць рызыка, што цябе ссунуць у першы ж дзень ці за пару гадзінаў да адкрыцця. І не праз твой твор, а праз выказванне ў сетках гадавой даўніны. Тут нельга адназначна сказаць: выстаўляцца і шукаць шляхі супрацы ці замаўчаць. Кожны мастак абірае свой шлях паміж гэтымі плюсамі», – разважае Сяргей Будкін.
На фоне грубага знішчэння і цэнзуравання беларускай культуры Мінкульт пастанавіў надаць дранікам і бабцы статус гістарычна-культурнай каштоўнасці.
«Асабіста я не маю нічога супраць драніка. Але тут відавочная падмена паняццяў і скажэнне гістарычнай памяці: прызнанне драніка каштоўнасцю – як сказаць, што гісторыя Беларусі пачалася з 1917 года ці з 1945-га. Гэта сведчыць пра неглыбокае веданне пытання. А калі гэта адбываецца ў вузкаспецыялізаванай установе, якая адказвае за сферу, то застаецца толькі паціскаць плячыма. Праблема гэта не новая.
Дзяржаўная палітыка ў сферы культуры забуксавала даўно. І з той простай прычыны, што няма разумення, што такое культура, у гэтых установах і ў прынцыпе ў дзяржавы.
Бо культура трактуецца як сфера абслугоўвання. Адсюль усе праблемы. Гэта лішняе сведчанне, што людзі, пастаўленыя вырашаць пытанні культуры, да культуры не маюць ніякага дачынення, няма смеласці выказацца», – падкрэслівае Сяргей Будкін.
Кіраўнік Беларускай рады культуры звярнуў увагу на мілітарызацыю афіцыйнага белкульту. У Літаратурны музей Янкі Купалы прызначылі новую дырэктарку – былую намесніцу дырэктара ў навуковай працы Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Ганну Галінскую, а дырэктарам Нацыянальнага гістарычнага архіву прызначылі сілавіка – генерал-маёра Алега Воінава:
«Нядаўнія прызначэнні, а яшчэ дырэктар «Харошак» – палкоўнік, гарадзенскім тэатрам паставілі кіраваць былога вайскоўца з атачэння дыктатара – карціна парадаксальная. Гэта ўсё ідзе ў рэчышчы афіцыйнай палітыкі, калі беларускую гісторыю адлічваюць ад Вялікай айчыннай. Вядома, змаганне беларусаў падчас Другой сусветнай – істотная тэма, але гэтае звужэнне і скажэнне вядзе культуру ў нейкую бездань».
На думку Сяргея Будкіна, цяперашнія падзеі ў сферы культуры давядзецца яшчэ доўга выпраўляць. У той жа час рэжыму няма на чым трымацца:
«Па сітуацыі да 2020 года прызнавалася, што ў нас ёсць нейкая агульная лінія, агульны падмурак. То цяпер рэжым застаўся без падмурку, бо бязглузда грунтавацца на Сувораве, на Сталіне, ці хто ў іх там куміры. Гэта не ёсць падмуркам Беларусі».
Цяперашнія падзеі – гэта вайна культураў. Так вызначыў знішчэнне беларускіх ініцыятываў і прастораў кіраўнік БРК:
«Тыя, хто змагаецца супраць беларускай культуры, не могуць звацца беларусамі, беларускімі сілавікамі ці беларускімі ідэолагамі. Гэта, відавочна, людзі расейскай культуры, яны зацікаўленыя, каб выціскаць беларускую і пашыраць расейскую культуру. Гэта фактычна акупанты для нас».
Сяргей Будкін мяркуе, што рэпрэсіямі знішчыць культуру немагчыма, яна ўсё адно знойдзе шлях да самазахавання і развіцця:
«Уся гісторыя сведчыць пра тое, што можна кнігі паліць, садзіць у турмы няўгодных людзей, якія кажуць тое, што не падабаецца тым, хто мае ўладу і сілу. Але ўсё гэта прарастае ўсё адно: праз рэпрэсіі, праз гвалт, праз асфальт фактычна. Відавочна, што гэтае змаганне бессэнсоўнае, бо з культуры пачынаецца ўсё. Гэта не проста сфера забаваў. Гэта і ёсць мы. З культуры прарастае і эканоміка, самавызначэнне, разуменне нацыі ў прасторы. Таму гэта як змагацца з ветранымі млынамі».
На думку суразмоўцы, беларускую культуру можна ў пэўнай ступені захаваць за межамі Беларусі:
«Шмат што робяць розныя ініцыятывы і мы таксама. Можна захаваць культуру і стварыць мадэль для далейшага развіцця. Мы не спыняем працы над стратэгіяй далейшага развіцця беларускай культуры і падтрыманнем творцаў ды ініцыятываў. Так, пакуль што па-за межамі Беларусі, бо ў Беларусі ёсць рызыка падставіць тых, хто застаўся. Тут, магчыма, час для падпольнай дзейнасці ўнутры краіны. Бо вельмі шкада тых ініцыятыўных людзей, якія яшчэ намагаюцца нешта рабіць у Беларусі. Прыклад Янушкевіча самы паказальны».
Сяргей распавёў, што Рада культуры працуе ў трох кірунках:
«Па-першае, мы стварылі падмуркі рэсурснага цэнтру беларускай культуры, які будзе забяспечваць як экспертызай і аналітыкаю, будзе даследаваць праблемы беларускай культуры, так і неабходнаю дапамогаю творцаў, калі яны трапляюць у цяжкія абставіны. І доўгатэрміноваю дапамогай – адукацыйныя праекты, перакваліфікацыя і гэтак далей. Тое, што можа спрацаваць надалей і дапамагчы творчым асобам знайсці сябе. Другое вымярэнне – гэта стварэнне камунікацыйнай пляцоўкі, якая ў будучыні можа ператварыцца ў культурніцкі сойм, дзе будуць знаходзіць рэальныя выйсці з праблемаў культуры і выпрацоўвацца дакументы. Гэта спрацуе на тое, каб у будучым дзяржава не кіравалася прынцыпамі астаткавасці, калі на культуру выдаткоўваецца з бюджэту тое, што засталося. І лаяльнасці – падтрымліваюць тых, хто любіць дзяржаву. Трэці напрамак – гэта інстытут прамоцыі Беларусі праз культуру. Мы тут бачым вялікую ролю міжнародных кампаніяў: Тыдзень беларускай культуры, Ноч паэтаў, Кампанія ў справе «Еўрабачання». Варта, каб пра Беларусь дазнаваліся з лепшага боку. Гэта дапаможа ў будучыні зарыентавацца, дзе мы і як».
Гэтым займаюцца і арт-менеджары, і мастакі, і актывісты. Што дазваляе не толькі выжыць, захаваць сілы і натхненне, але і бачыць перад сабою будучыню, да якой імкнуцца людзе культуры ды не толькі.
Марыя Мурашка, belsat.eu