У дачыненні да супрацоўнікаў «Тут Бай Медыя» завялі новую крымінальную справу
2021.10.07 12:57
Працаўнікам «Тут Бай Медыя» ставяць у віну распальванне варожасці, паведамляе Следчы камітэт. За гэта пагражае пакаранне да 12 гадоў зняволення.
«Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэту Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовых асоб і работнікаў «Тут Бай Медыя» і іншых асоб распачата крымінальная справа па ч.3 арт.130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розніцы, здзейсненае групай асоб») Крымінальнага кодэксу Беларусі», – напісана ў Telegram канале ведамства.
Раней службовых асобаў «Тут Бай Медыя» вінавацілі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры, а партал і яго соцсеткі прызналі экстрэмісцкімі.
18 траўня ў менскім і рэгіянальным офісах TUT.by, а таксама ў працаўнікоў выдання адбыліся ператрусы. У Камітэце дзяржаўнага кантролю заявілі, што ў дачыненні службовых асобаў «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» распачалі крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Дамен парталу заблакаваны, а пазней матэрыялы выдання прызналі «экстрэмісцкімі». У межах «справы TUT.by» былі затрыманыя 15 чалавек. Генеральнага дырэктара найбуйнейшай у Беларусі хостынгавай кампаніі hoster.byСяргея Павалішава вызвалілі з СІЗА 1 верасня 2021 году. Цяпер за кратамі застаюцца 11 асобаў:
Марына Золатава – галоўная рэдактарка TUT.by. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Вольга Лойка – рэдактарка TUT.by. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Алена Талкачова – журналістка TUT.by. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Людміла Чэкіна – генеральная дырэктарка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Ірына Рыбалка – намесніца дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Аляксандр Дайнэка – намеснік дырэктара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» ў тэхнічных пытаннях. СІЗА КДБ;
Анжэла Асад – галоўная бухгалтарка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Марыя Новік – намесніца галоўнага бухгалтара «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Ала Лапатка – галоўная інжынерка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Кацярына Ткачэнка – юрыстка «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ». На 1 чэрвеня вядома, што яна мае забарону на ажыццяўленне пэўных дзеянняў. Якіх менавіта (напрыклад, кіраваць аўто ці выходзіць з дому) – невядома. Вядома, што яна не ў СІЗА;
Андрэй Аўдзееў – менеджар «Паблішэр бокс», які дапамагае TUT.by у супрацы з рэкламнымі сеткамі. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Дар’я Данілава – дырэктарка звязанага з TUT.by стартапу Rocket Data. СІЗА №1 на вул. Валадарскага;
Юлія Чарняўская – удава заснавальніка TUT.by Юрыя Зісера. Была дастаўленая пад канвоем сілавікоў у лякарню, пасля знікла. 20 траўня яе дапыталі ў ДФР, вечарам таго ж дня стала вядома, што яна пад хатнім арыштам.
Ірына Касцючэнка – былая юрыстка кампаніі. Была затрыманая на новай працы 20 траўня. На 1 чэрвеня вядома, што яна мае забарону на ажыццяўленне пэўных дзеянняў. Якіх менавіта (напрыклад, кіраваць аўто ці выходзіць з дому) – невядома. Вядома, што яна не ў СІЗА.