«Не шараговая папера». Якое значэнне мае амерыканскі Акт аб дэмакратыі ў Беларусі?

На сайце Кангрэсу ЗША 7 чэрвеня быў апублікаваны праект новага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Гэты дакумент пракаментавалі для «Белсату» намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай, прадстаўнік у міжнародных справах Валер Кавалеўскі і амерыканіст Антон Пянькоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Белы дом, Вашынгтон, ЗША. Фота: Depositphotos

АПК і КР прызнаюцца адзінымі легітымнымі прадстаўнікамі беларускага народу

Валер Кавалеўскі, намеснік кіраўніцы Абʼяднанага пераходнага кабінету Святланы Ціханоўскай, прадстаўнік у міжнародных справах кажа, што яшчэ ў 2020 годзе папярэдняя версія Акту аб дэмакратыі, уключала не толькі правы чалавека, але таксама і суверэнітэт нашай краіны.

«То бок ужо тады было зразумела, што Беларусь знаходзіцца пад пагрозаю ў выніку дзеянняў Лукашэнкі, пад вонкавай пагрозаю з боку Расеі, якая спрабуе захапіць нашую краіну», – кажа Кавалеўскі.

Паводле намесніка Ціханоўскай, важнае адрозненне новага Акту аб дэмакратыі ад папярэдніх дакументаў у тым, што ў ім Лукашэнка не прызнаецца як прадстаўнік беларускага народу, а прызнаюцца Аб’яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада як адзіныя легітымныя прадстаўнікі беларускага народу. З практычных захадаў у дакуменце дадаецца прапанова да амерыканскага ўраду ўводзіць больш жорсткія санкцыі, пералічваюцца параметры, паводле якіх гэтыя санкцыі могуць уводзіцца.

«Трэба звярнуць увагу, што прапануецца ўводзіць санкцыі супраць тых асобаў, якія датычныя да ўмяшання Расеі ва ўнутраныя справы Беларусі. Фактычна, гэта адкрывае магчымасць для санкцыяў супраць расейскіх чыноўнікаў, кіраўніцтва Расеі за тое, што яны робяць супраць Беларусі», – зазначае Кавалеўскі.

Адказнасць за абыход санкцыяў і саўдзел у вайне

У Акце прапануецца шэраг справаздачаў, глыбокае вывучэнне амерыканскім урадам таго, у чым заключаюцца фінансавыя актывы Лукашэнкі, якія былі скрадзеныя ў беларускага народу і знаходзяцца за мяжой.

«Тут падлучаюцца дзяржаўныя структуры да таго, каб зрабіць гэтую ацэнку, знайсці гэтыя актывы, адпаведна, гэтая інфармацыя будзе падставаю для наступных дзеянняў, – кажа прадстаўнік АПК. – Таксама ўраду прадпісваецца зрабіць ацэнку таго, што Расея робіць супраць Беларусі, якім чынам яна спрабуе падпарадкаваць нашую краіну. Таксама патрэбна будзе зрабіць ацэнку таго, якім чынам вагнэраўцы ці іншыя парамілітарныя групы знаходзяцца ў Беларусі, як дзейнічаюць супраць нашых еўрапейскіх суседзяў».

У законапраекце адзначаюцца сувязі Лукашэнкі з Іранам, якім чынам гэтая супраца шкодзіць інтарэсам краінаў Захаду і Беларусі. Таксама разглядаецца абыход санкцыяў і што Лукашэнка дапамагае Расеі змякчыць эфект ад абмежаванняў, саўдзел Лукашэнкі ў вайне супраць Украіны і тое, што ён задзейнічаў увесь ваенна-прамысловы комплекс Беларусі, каб дапамагаць вайсковым намаганням Расеі.

«У палітычнай сістэме ЗША вельмі важна, калі выканаўчая і заканадаўчая ўлада глядзяць на праблемы аднолькава. У гэтым сэнсе такі законапраект, калі будзе прыняты, надасць важкасць крокам выканаўчай улады. Мы ведаем, што ЗША зрабілі вельмі шмат на гэтым шляху ў санкцыйнай тэматыцы, але гэты імпульс ад Кангрэсу абавязкова дапаможа Дзярждэпартаменту ці Мінфіну ЗША зрабіць гэтую палітыку больш уплывовай, больш балючай для рэжыму. Я б не сказаў, што сам гэты Акт прывядзе да нейкіх прынцыповых зменаў у тым, што адбываецца, але ён узмоцніць тую палітыку, якая ўжо была сфармаваная ад 2020 года», – перакананы Валер Кавалеўскі.

Якім будзе лёс Акту, калі да ўлады прыйдзе Трамп?

Амерыканіст Антон Пянькоўскі лічыць, што Акт аб дэмакратыі ў Беларусі – гэта не шараговая папера, не нейкая бюракратычная фармальнасць. Гэты дакумент з’яўляецца краевугольным заканадаўчым актам, які аўтарызуе і рэгулюе дапамогу народу Беларусі, у прыватнасці – партыям, незалежным медыям, грамадскай супольнасці і гэтак далей.

«Дакумент дазваляе выканаўчай уладзе ЗША, у прыватнасці – вонкапалітычнаму ведамству, Дзярждэпартаменту – карыстацца пэўнымі інструментамі і механізмамі дапамогі народу Беларусі ў яго дэмакратычных памкненнях», – кажа эксперт.

Паводле Пянькоўскага, абнаўленне гэтага дакументу ў 2020 годзе акурат дазволіла досыць хутка нарасціць дапамогу амерыканскага федэральнага ўраду беларускім дэмакратычным сілам, і гэтае падтрыманне тады было жыццёва важнае.

«Але час не стаіць на месцы, патрэбныя новыя механізмы як дапамогі дэмакратычным сілам, гэтак і новыя механізмы стрымлівання рэжыму Лукашэнкі. Таму гэта вельмі важны дакумент, вельмі добра, што ён зараз атрымлівае актуальнае для бягучых выклікаў абнаўленне», – лічыць адмыслоўца.

У адказ на пытанне, які лёс будзе чакаць гэты Акт, калі да ўлады ў ЗША зноў прыйдзе Трамп, Антон Пянькоўскі зазначае, што ў Злучаных Штатах не ўсё залежыць ад прэзідэнта:

«У ЗША вельмі важную ролю адыгрывае заканадаўчая ўлада. Таму мы не можам чакаць нейкіх велізарных зменаў. Што датычыць гэтага дакументу, я аптымістычны і спадзяюся, што ён будзе прыняты да канца года. Таксама мы мусім памятаць, што інаўгурацыя наступнага прэзідэнта адбудзецца толькі напачатку наступнага года, таму да гэтага часу мы не павінны чакаць ніякіх велізарных зменаў у амерыканскай унутранай і вонкавай палітыцы», – рэзюмуе эксперт.

Што ў абноўленым Акце?

Кангрэс ЗША рыхтуецца прыняць абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, першая версія якога набыла статус закону ў 2004 годзе. Законапраект аб перазацвярджэнні і мадыфікацыі Акту быў унесены ў Палату прадстаўнікоў 8 траўня 2024 года і накіраваны ў некалькі камітэтаў для разгляду. 7 чэрвеня на сайце амерыканскага заканадаўчага органу быў апублікаваны тэкст гэтага законапраекту.

У дакуменце Кангрэс ЗША асуджае рэжым Лукашэнкі за фальсіфікацыю выбараў, рэпрэсіі, размяшчэнне расейскай ядравай зброі, прысутнасць расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі, падтрымку агрэсіўнай вайны Расеі ва Украіне і ўдзел у выкраданні і дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў у Беларусь, умовы ўтрымання палітвязняў, выкарыстанне мігрантаў як зброі для дэстабілізацыі межаў Польшчы і Літвы і інш.

«Прызнаць КР і Пераходны кабінет легітымнымі інстытутамі». ЗША апублікавалі новы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі

Кангрэс патрабуе неадкладнага вызвалення палітвязняў, спынення выкарыстання тэрыторыі Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны, прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці праз міжнароднае правасуддзе.

Кангрэс падтрымлівае імкненне народу Беларусі да дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона, і захавання незалежнасці і суверэнітэту сваёй краіны.

Кангрэс ЗША заклікае:

  • не прызнаваць рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць правядзенне свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ, у тым ліку на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года;
  • прызнаць Каардынацыйную Раду і Абʼяднаны Пераходны Кабінет як легітымныя інстытуты для дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і падтрымліваць іх у гэтым працэсе;
  • узняць перад міжнароднымі арганізацыямі праблему пазбаўлення консульскіх паслугаў беларускіх грамадзянаў за мяжой;
  • урад ЗША цесна супрацоўнічаць з ЕЗ, Вялікай Брытаніяй, Канадай і іншымі краінамі і арганізацыямі для працягу ўвядзення мэтавых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі;
  • прыцягнуць да адказнасці вінаватых у парушэннях правоў чалавека і падтрымцы агрэсіі Расеі. Гэта стварае юрыдычныя і маральныя падставы для пераследу вінаватых асобаў і садзейнічае правасуддзю.

Акрамя таго, Акт:

  • спрыяе падтрымцы свабоды слова, незалежных медыяў, няўрадавых арганізацыяў;
  • падмацоўвае санкцыі супраць рэжыму і абяцае эканамічную падтрымку дэмакратычнаму развіццю Беларусі;
  • выказвае салідарнасць з беларускім народам, падтрымліваючы яго імкненне да свабоды, правоў чалавека і вяршэнства закону.

Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны