За эвакуацыю з Беларусі і супрацу з «Дапамогай» асудзілі 3 асобаў

У Гарадзенскім абласным судзе асудзілі былога мытніка Мікалая Куляшова, двойчы палітзняволеную Аніту Бакуновіч і студэнта Ягора Курзіна. Іх абвінавацілі ў «замаху на незаконнае перасячэнне мяжы», «удзеле ў «экстрэмісцкім фармаванні»– арганізацыі «Дапамога», а таксама па шэрагу іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Асуджаныя ў Горадні. Фота: Вясна / Telegram

У Горадні да 5 гадоў калоніі асудзілі 3 асобаў за эвакуацыю з Беларусі і супрацу з »Дапамогай«. Суддзя Віктар Сянько прызначыў былому мытніку Мікалаю Куляшову 5 гадоў калоніі, палітзняволенай Аніце Бакуновіч – 3,5 гады зняволення, студэнту Ягору Курзіну – 3 гады калоніі.

18-гадовую Аніту Бакуновіч затрымалі 21 верасня летась пры перасячэнні беларуска-літоўскай мяжы. Яе асудзілі па двух артыкулах КК: ч. 3 арт. 361-1 («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні») і ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 («Замах на незаконнае перасячэнне мяжы»).

Былога мытніка і актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Мікалая Куляшова затрымалі ў верасні летась.Яго судзілі паводле чатырох артыкулаў КК: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 («Замах на наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы, здзейснены арганізаванай групай»), ч. 3 арт. 361-1 КК («Удзел у экстрэмісцкім фармаванні»), арт. 378 («Крадзеж асабістых дакументаў») і ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 380 («Замах на падробку і выраб або збыт падробленых дакументаў»).

За «замах на незаконнае перасячэнне мяжы» паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 371 і «ўхіленне ад мерапрыемстваў прызыву на вайсковую службу» паводле ч. 1 арт. 435 КК асудзілі 21-гадовага Ягора Курзіна.

У Віцебску асуджаных раней паводле «палітычных» артыкулаў штомесяц будуць наведваць міліцыянты

Алена Аляксандрава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны