9 траўня ў Менску адбыліся дзве ўрачыстыя імпрэзы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі – на плошчах Перамогі і Дзяржаўнага сцяга. Масавыя імпрэзы з шашлыкамі і выступам вайскоўцаў улады зладзілі каля Палацу спорту. Калі вы ўсё гэта прапусцілі, бо, напрыклад, дапамагалі дзядулю і бабулі садзіць бульбу, глядзіце наш фотарэпартаж.
У адрозненне ад мінулага года сёлета параду на Дзень Перамогі не было, аб 11-й гадзіне Лукашэнка ўсклаў кветкі да помніку Перамогі, а ў другой палове дня выступіў з прамовай на плошчы Дзяржаўнага сцяга.
«Мы ведаем, што нашыя герб, сцяг, гімн, Вялікая Перамога – гэта неразрыўна звязаныя паміж сабою сімвалы велічы і незалежнасці беларускага народу», – прамовіў Лукашэнка. Паводле яго, народ вызначыў, якімі будуць галоўныя сімвалы беларусаў.
9 траўня ў Беларусі былі затрыманыя не менш за 7 чалавек, піша праваабарончы цэнтр «Вясна». Сярод затрыманых каля плошчы Перамогі, як паведамілі чытачы TUT.by, былі хлопец і дзяўчына. У пары быў букет чырвоных гваздзікоў, перавязаны чырвона-белымі стужкамі.