Найвышэйшы дзяржаўны савет Саюзнай дзяржавы мае сабрацца 4 лістапада 2021 года. На гэтым савеце плануюць зацвердзіць праграмы, якія паглыбяць інтэграцыю Беларусі і Расеі.
Дату анансаваў Аляксандр Лукашэнка, але казаў няўпэўнена. Дзяржаўная інфармацыйная кампанія БелТА перадае ягоныя словы так:
«Дзесьці, па-мойму, 4 лістапада, у Дзень народнага адзінства ў Расеі, мы правядзём гэтае мерапрыемства».
Пры тым Лукашэнка пацвердзіў, што на паседжанні плануюць падпісаць праграмы Саюзнай дзяржавы, ухваленыя ім і Уладзімірам Пуціным на перамовах 9 верасня. Там казалі пра 28 ухваленых саюзных праграмаў. Што ў інтэграцыйных праграмах, ні беларускі, ні расейскі бакі не раскрываюць.
У Расеі з 2005 года адзначаюць Дзень народнага адзінства. Яго прызначылі на 4 лістапада, разам з тым скасавалі свята Кастрычніцкай рэвалюцыі 7 лістапада.
4 лістапада 1612 года ў Маскве апалчэнне пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага штурмам узяло Кітай-горад і «выгнала польскіх інтэрвентаў», пастанавілі ў Расеі. Аднак гісторыкі сумняюцца ў слушнасці датавання (праблема з пераводам між грыгарыянскім і юліянскім календарамі). Да таго ж Масква ў той дзень не была вызваленая ад войскаў Рэчы Паспалітай: тыя войскі пакінулі Крэмль 5 лістапада (паводле новага стылю, паводле старога – 26 кастрычніка). Войскі Мініна і Пажарскага ўвайшлі ў Крэмль яшчэ на дзень пазней.
Тыя падзеі – частка вайны Рэчы Паспалітай з Расейскім царствам. У Расеі тады быў так званы Смутны час: дынастыя Рурыкавічаў абарвалася са смерцю Івана IV, трывала барацьба за ўладу, дзяржаваю кіравалі ў тым ліку дзве асобы, якіх у Расеі называюць Ілжэдзмітрыямі. У вайне, якую ў Расеі называюць расейска-польскаю, бралі ўдзел і войскі Вялікага Княства Літоўскага. Значыць, сярод выгнаных з Масквы, верагодна, былі продкі сучасных беларусаў.
У Беларусі Дзень народнага адзінства прызначылі на яшчэ больш спрэчную дату, 17 верасня. У гэты дзень Савецкі Саюз напаў на Польшчу, папярэдне дамовіўшыся з гітлераўскаю Нямеччынай. У выніку Заходняя Беларусь аказалася ў складзе БССР, аднак беларусы з заходніх земляў трапілі пад сталінскія рэпрэсіі.
АА belsat.eu