Дату візіту Уладзіміра Пуціна не называюць, але ягоны прэс-сакратар не сумняецца ў тым, што візіт будзе.
Прэсавы сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў 9 верасня анансаваў візіт расейскага кіраўніка ў Беларусь, піша ТАСС. Калі той візіт будзе, пакуль не запланавалі, але на пытанне, ці прыедзе Пуцін у Менск увосень, Пяскоў адказаў, што не сумняецца.
Даты, сказаў Пяскоў, будуць узгодненыя праз дыпламатычныя каналы, ды Пуцін і Лукашэнка «пастаянна стэлефаноўваюцца», таму, лічыць Пяскоў, яны самі дамовяцца, калі гэта адбудзецца. Маўляў, у прэзідэнцкай адміністрацыі «засумавалі па вочных стасунках», якія скараціліся ў пандэмію.
Пры тым вочныя сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі сёлета адбываюцца надзвычай часта: учорашняя была пятаю з пачатку года. І гэтая сустрэча не завяршылася прэс-канферэнцыяй, пасля выступу перад СМІ Лукашэнка і Пуцін працягнулі перамовы, сказаў Пяскоў «Интерфаксу». Паводле ананімнага Telegram-каналу «Пул первого», блізкага да прэс-службы Лукашэнкі, сустрэча трывала да пачатку 2:00 уначы.
Пуцін не ладзіў афіцыйных візітаў у Беларусь з лета 2019 года. У часе візіту 30 ліпеня 2019-га ён сустрэўся з Лукашэнкам і кіраўніком Таджыкістану, наведваў спаборніцтвы ў боксе і цырымонію закрыцця Еўрапейскіх гульняў, сустракаўся з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту.
АА belsat.eu