ISW: Вагнэраўцы застаюцца ў Беларусі, не зважаючы на чуткі пра іхнае перакідванне ў Расею

Эксперты Інстытуту вывучэння вайны (ISW) прыходзяць да высновы, што ПВК Вагнэра захоўвае прысутнасць на аб’ектах у Беларусі. Гэтак аналітыкі каментуюць апошнія здагадкі, што наймітаў могуць перакідваць з Беларусі назад у Расею.

На спадарожнікавых здымках, зробленых 9 жніўня, відаць значная колькасць машынаў у лагеры наймітаў у вёсцы Цэль каля Асіповічаў. Да таго ж, магчыма, у перыяд з 1 да 9 жніўня іх стала яшчэ больш: на базу прыбыло больш транспартавых сродкаў.

Група Вагнэра ў вёсцы Цэль. Зверху – здымак за 1 жніўня, унізе – за 9 жніўня. Крыніца: understandingwar.org

Украінскія крыніцы працягваюць паведамляць пра пашырэнне дзейнасці Групы Вагнэра ў Берасцейскай вобласці. Таксама крыніцы, звязаныя з самою ПВК, паведамляюць, што найміты працягваюць навучаць беларускіх вайскоўцаў.

Аналітыкі ISW пішуць, што не выявілі звестак, якія б зняпраўджвалі меркаванняў за 8 жніўня, што ПВК Вагнэра перакінула з Беларусі ў Краснадарскі край, Варонежскую і Растоўскую вобласці ад 500 да 600 чалавек. Тады таксама паведамлялі, што другі этап вываду вагнэраўцаў з Беларусі нібыта плануецца правесці 13 жніўня, пасля чаго невялікая група «інструктараў» застанецца навучаць беларускіх вайскоўцаў.

ISW: вагнэраўцы сыходзяць з Беларусі

Кіраўнік ПВК Вагнэра Яўгеній Прыгожын яшчэ не пракаментаваў гэтыя чуткі ні сам, ні праз пасярэднікаў, як ён рабіў гэта раней. Праз гэта эксперты ISW мяркуюць, што Прыгожын, магчыма, не зусім вольны ў сваіх каментарах адносна будучыні ПВК Вагнэра.

Апошні раз Прыгожына публічна бачылі ў кулуарах расейска-афрыканскага эканамічнага форуму ў Санкт-Пецярбурзе. У аўдыязапісе, апублікаваным 30 ліпеня, Прыгожын сцвярджаў, што вагнэраўцы, якія не падпісалі кантрактаў з Міністэрствам абароны Расеі, прыбудуць у Беларусь да 5 жніўня.

Здымак вокладкі мае ілюстрацыйны характар. Фота: Roman Romokhov / AFP / East News 

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны