Урад Беларусі павысіў падатак на прыбытак замежных кампаніяў з «несяброўскіх» краінаў, а таксама часткова прыпыніў удзел у пагадненнях аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам краінаў. Эканамістка Настасся Лузгіна пераклала адпаведную пастанову з чыноўніцкай мовы на чалавечую і растлумачыла, хто і за што будзе плаціць болей.
Пастанову ўрада апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Дакумент прадугледжвае павышэнне з 15% да 25% падатку на прыбыткі арганізацыяў, што не маюць у Беларусі сталага прадстаўніцтва і зарэгістраваныя ў «несяброўскіх» краінах.
Пералік такіх «варожых» дзяржаваў зацверджаны раней асобнай пастановаю Савету міністраў:
Пакуль павышаны падатак будуць браць да канца 2026 года.
Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначыла, што, хоць улады і могуць разлічваць на рост прыбыткаў бюджэту праз павышэнне падатку, галоўная мэта – іншая:
«Большую ролю адыгрывае рэакцыя ўладаў у адказ на санкцыі «несяброўскіх» краінаў у дачыненні Беларусі. Апошні з такіх прыкладаў – закрыццё Літвою чарговых двух пунктаў пропуску. Тады беларускія ўлады казалі, што распрацоўваецца комплекс захадаў у адказ. Імаверна, гэтыя змены ў заканадаўстве – акурат адзін з такіх захадаў».
Экспертка звярнула ўвагу, што цяперашнія контрсанкцыі датычаць меншай колькасці кампаніяў, чымся папярэднія. Улетку 2022 года ўрад зацвердзіў спіс юрыдычных асобаў з замежным капіталам, якія нельга прадаваць.
«Там шырэйшы пералік, а цяпер абмежаваліся вузкім колам кампаніяў, якія менавіта не маюць сталых офісаў у Беларусі», – сказала Лузгіна.
Новая ўрадавая пастанова таксама прыпыніла дзеянне некаторых артыкулаў пагадненняў аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам краінаў:
Дзяржавы падпісваюць такія дамовы, каб юрыдычныя і фізічныя асобы не плацілі адныя і тыя ж падаткі двойчы ў розных краінах. Напрыклад, беларусы, якія атрымліваюць заробак за мяжою і там сплачваюць падаткі, не мусяць з гэтага ж заробку плаціць нешта на радзіме – галоўнае, каб паміж Беларуссю і краінаю, дзе працуеш, дзеяла адпаведнае пагадненне.
Улады ў Менску пачалі наступ і тут. Цяпер двайнога падаткаабкладання не пазбегнуць у выпадку прыбытку ад дывідэндаў, адсоткаў і прыбыткаў ад прыросту капіталу, прычым гэта датычыць як кампаніяў, гэтак і фізічных асобаў:
«Гаворка найперш пра прыбыткі з-за мяжы, што атрыманыя ад дывідэндаў, адсоткаў, то бок не ўсе прыбыткі. Напрыклад, калі беларус мае нейкую маёмасць або акцыянер у замежнай кампаніі, мае дэпазіт у банку, атрымаў дывідэнды ці адсоткі з укладу і завёў іх у Беларусь, то ён будзе абавязаны заплаціць у Беларусі падатак».
Такім чынам, беларусам будзе нявыгадна інвеставаць у краінах, з якімі прыпыняецца супраца ў гэтым кірунку, і вяртаць прыбытак у Беларусь. Адпаведна пагаршаюцца ўмовы і для замежнікаў, якія маглі б укласці грошы ў нашую эканоміку.
Што датычыць звычайных заробкаў, іх цяперашнія змены не закранулі. «Калі мы кажам пра ІП, гэта таксама просты прыбытак фізічнай асобы, гэта не тычыцца дывідэндаў і адсоткаў», – падкрэсліла Лузгіна.
Яна не чакае нічога добрага ад гэтых захадаў беларускіх уладаў:
«Аслабнуць эканамічныя ўзаемасувязі. Пакуль ёсць хоць нейкая супраца з ЕЗ, ЗША, яна будзе яшчэ больш запавольвацца. Кампаніі ў Беларусі будуць намагацца хаваць інфармацыю, хаваць прыбыткі, атрыманыя з-за мяжы», – мяркуе Лузгіна.
Яна таксама папярэдзіла, што такія захады прымушаюць фірмы шукаць шчасця і грошай у краінах, якія не лічацца «несяброўскімі», найперш з Расеяй. «Іншага выйсця няма», – падсумавала эканамістка.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў каментары «Белсату» назваў павышэнне падатку для замежных кампаніяў дзяржаўным рэкетам.
«Гэтыя захады перадусім будуць шкодзіць суб’ектам гаспадарання, створаным з удзелам у тым ліку замежнага капіталу. Замежны інвестар стварае новыя працоўныя месцы, прыносіць тэхналогіі, развівае эканоміку Беларусі. Таму самыя моцныя санкцыі ўводзяцца менавіта рэжымам Лукашэнкі супраць уласнай эканомікі і грамадзянаў Беларусі», – упэўнены Латушка.
Дзеянне асобных палажэнняў двухбаковых пагадненняў аб падвойным падаткаабкладанні прыпынілі да канца 2026 года з заўвагаю, што гэты тэрмін можа быць скарочаны: або калі скасуюць санкцыі супраць Беларусі, або калі міністэрства падаткаў і збораў прапануе вярнуцца да ранейшых правілаў.
Сцяпан Кубік belsat.eu