Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла рэзалюцыю аб Украіне. Дэпутаты прагаласавалі ў тым ліку за тое, каб абвясціць Расейскую Федэрацыю тэрарыстычным рэжымам.
Тэкст рэзалюцыі выклалі на сайце ПАРЕ.
Рэзалюцыю аб Украіне прынялі на восеньскай сесіі ПАРЕ. Дакумент падтрымалі 99 дэлегатаў, адзін устрымаўся. Супраць не прагаласаваў ніхто, напісаў у сваім Twitter дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка. Ён назваў такі вынік гістарычным.
.@PACE_News just adopted a very strong resolution on Ukraine!
For — 99 delegates. This is a historic result! Full support of the Parliamentary Assembly of the Council of Europe! pic.twitter.com/KhtH0AMpEC
— Oleksiy Goncharenko (@GoncharenkoUa) October 13, 2022
Рэзалюцыю прынялі пасля прамовы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і дыскусіі, прысвечанай далейшай эскалацыі вайны Расеі супраць Украіны.
У дакуменце Расейская Федэрацыя названая тэрарыстычным рэжымам. У рэзалюцыі ёсць заклік да хуткага стварэння спецыяльнага міжнароднага трыбуналу для расследавання і судовага пераследу датычных да агрэсіі, якую палітычнае і вайсковае кіраўніцтва Расеі здзейсніла супраць Украіны.
Апроч таго, расейскія палітычныя партыі, якія галасавалі за незаконныя рашэнні, што парушаюць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны ды іншых краінаў, прызнаюцца суўдзельнікамі тэрарызму.
ПАРЕ заклікала забяспечыць Украіну неабходнай зброяй і вайсковай тэхнікай, у тым ліку сістэмамі супрацьпаветранай абароны. Удзел Расеі ў Радзе Бяспекі ААН названы неправамерным, бо краіна проста заняла месца Савецкага Саюзу «без аніякай юрыдычнай працэдуры».
Парламенцкая асамблея Рады Еўропы таксама заклікала Крэмль спыніць пагрозы ядравага ўдару і ўзяць на сябе абавязак гэтую зброю не ўжываць.
Сяргей Крот belsat.eu