Колішняя намесніца галоўнай рэдактаркі «TUT.by» Вольга Лойка заснавала медыя «Plan B.» – аўтарскае выданне пра палітыку, эканоміку ды сэнс жыцця беларусаў. У каментары «Прэс-клубу Беларусь» Лойка заявіла: «Мы запускаем новае медыя, бо нам ёсць што сказаць».
Вольга Лойка (колішняя намесніца галоўнай рэдактаркі «TUT.by», кіравала палітычна-эканамічным блокам парталу) заснавала медыя «Plan B.». Там працуюць дасведчаныя рэдактары і журналісты з буйных профільных беларускіх і замежных медыяў, паведамляецца на сайце выдання.
«Мы запускаем новае медыя, бо нам ёсць што сказаць. Таму што можна чалавека пасадзіць, адабраць Радзіму, прафесію, працу, калегаў і сяброў, але забараніць яму думаць і адчуваць немагчыма», – сказала Лойка ў каментары «Прэс-клубу Беларусь».
Выданне будзе выпускаць навіны, інтэрв’ю, аўтарскія калонкі, каментары, гісторыі і рэйтынгі.
«У журналістыцы ёсць жанры, дзе немагчыма не назвацца. Я разумею калегаў, якія захоўваюць ананімнасць, але ёсць тое, што можна сказаць толькі асабіста. І аўтарскай журналістыкі цяпер дэфіцыт. Паспрабуем папоўніць», – дадала галоўная рэдактарка новага выдання.
Летась КДБ дадаў імя Вольгі Лойкі ў «тэрарыстычны спіс». Яна — фігурантка «справы TUT.by». Журналістка з’ехала з краіны пасля вызвалення з СІЗА. Пасля гэтага яе абвясцілі ў вышук, а меру стрымання завочна змянілі з асабовага паручальніцтва на зняволенне.
Новае медыя называецца гэтак жа, як і аналітычнае ток-шоу «Белсату» «План: Б». Белсатаўская праграма ідзе ў эфіры другі сезон.
Сяргей Крот belsat.eu