Яшчэ аднаго адваката – Антона Гашынскага – пазбавілі ліцэнзіі, паведамляе «Интерфакс-Запад».
«Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці ў Беларусі спыніла дзеянне маёй ліцэнзіі адваката», – сказаў Гашынскі.
Адвакат удакладніў, што ў камісіі палічылі, што ён неаднаразова парушаў патрабаванні і ўмовы ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці, усталяваныя заканадаўствам.
Гашынскі быў адвакатам затрыманага ў траўні ў Менску грамадзяніна Расеі Ягора Дуднікава. Таксама ён быў адвакатам сямʼі арыштаванай у Беларусі расяянкі Софʼі Сапегі, якую затрымалі ў траўні разам з Раманам Пратасевічам.
Антон Гашынскі рэпрэзентоўваў інтарэсы паліттэхнолага Віталя Шклярава, якога ў ліпені 2020 года звінавацілі ў «арганізацыі беспарадкаў» у межах справы Сяргея Ціханоўскага, а таксама затрыманага паводле крымінальнага артыкулу журналіста Андрэя Аляксандрава і выкладчыцы БДІУР Вольгі Філатчанкавай, абвінавачанай у «справе студэнтаў», ды іншых.
АД, belsat.eu