З нараджальнасцю бяда не толькі ў Беларусі. Чаму чалавецтва расхацела размнажацца?

Аляксандр Лукашэнка даўно марыць, каб насельніцтва Беларусі вырасла ў разы, але ад ягоных дзеянняў насельніцтва толькі памяншаецца праз зніжэнне нараджальнасці і эміграцыю. Ды справа не толькі ў Лукашэнку: амаль па ўсім свеце спадае нараджальнасць – нават у заможных краінах, якія прапануюць шчодрыя выплаты за дзяцей. «Белсат» пачынае разбор у трох частках: што маем і чаму так, што робяць цяпер, што рабіць варта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Немаўля. Фота: Pxhere.com

Беларусаў заклікаюць размнажацца не проста так. Акрамя банальнага «хачу, каб у свеце было больш беларусаў», ёсць і чыста фінансавая праблема. Насельніцтва Беларусі старэе, а пенсійны фонд у вечным дэфіцыце нават пасля падвышэння пенсійнага ўзросту, хоць пенсіі нізкія, а на іх адбіраюць вялікую частку заробку. І чым менш беларускі будуць нараджаць, тым менш будзе людзей, каб фінансаваць пенсіі.

Да таго ж, з такой нараджальнасцю, як цяпер, беларусаў у нейкі момант проста не застанецца. Лічыцца, што для падтрымання насельніцтва на стабільным узроўні без уліку міграцыі патрэбныя 2,1 нараджэння на жанчыну. Гэта не дакладныя разлікі, а прыблізны паказнік: каб «замяніць» двух бацькоў, мала двух дзяцей, бо частка дзяцей памірае ў малым узросце, ды і хлопчыкі нараджаюцца часцей за дзяўчынак. Якая цяпер нараджальнасць у Беларусі, невядома, але ў 2021-м – да таго, як гэтую статыстыку сталі ўтойваць – было 1,5 нараджэння на жанчыну.

Назапасіць на старасць: як беларусу на пенсіі не застацца за рысаю беднасці?

Нараджальнасць падае практычна паўсюль

Праблема нараджальнасці не характэрная толькі для Беларусі, Еўропы ці толькі для высокаразвітых краінаў. Яна падае сумарна ва ўсім свеце: паводле звестак Сусветнага банку, падае амаль бесперапынна ўжо як мінімум 60 гадоў. Нараджальнасць змяншаецца, за рэдкімі выключэннямі, і ў бальшыні асобна ўзятых краінаў.

Нараджальнасць падае і ў багатых, і ў бедных краінах; і ў Азіі, і ў Афрыцы. Але ў багацейшых краінах нараджальнасць істотна меншая, чым у бяднейшых. У Паўднёвай Карэі нараджальнасць ужо апусцілася да менш як 1 нараджэння ў сярэднім на жанчыну.

Кітай, які з 1980 года меў палітыку «адна сям’я – адно дзіця», каб спыніць рост насельніцтва, у 2015-м дазволіў мець двух дзяцей без штрафаў, у 2021-м прыбраў усе абмежаванні. Але гэта не павялічыла нараджальнасці, а насельніцтва Кітаю падае другі год запар.

Агулам вельмі мала краінаў, багацейшых за Беларусь, дзе было б 2,1 ці больш нараджэнняў на жанчыну. Гэта Дамініканская Рэспубліка, Лівія, Сэйшэльскія Астравы, Казахстан, Панама, Аман, Гаяна, Ізраіль, Кувейт і Саудаўская Аравія. Затое больш нараджаюць у краінах, бяднейшых за Беларусь.

Суадносіны колькасці нараджэнняў на жанчыну і валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва паводле парытэту пакупніцкай здольнасці. Беларусь пазначаная чырвонай кропкай. Звесткі: Worldbank.org, 2021–22 гады

Гендарная даследчыца Ірына Сідорская ў каментары «Белсату» адзначае: гэтая праблема звязаная не толькі з эканомікай.

«Ніводная краіна не знайшла чароўнай палачкі, якая б зрабіла так, каб жанчыны з гэтай краіны пачалі нараджаць нашмат больш, – падкрэслівае Сідорская. – Комплексная праблема – таму і трэба яе вырашаць копмлексна».

Спосабы падвышэння нараджальнасці ўжываюць самыя розныя: адпачынкі для дагляду за дзецьмі, грашовыя выплаты, паляпшэнне інфраструктуры, льготы, крэдыты на асаблівых умовах, агітацыя і гэтак далей. Некаторыя краіны, адзначае Сідорская, змірыліся з тым, што «сваімі сіламі» не змогуць вярнуцца да 2,1 нараджэння на жанчыну, таму зрабілі стаўку на іміграцыю, ды атрымалі абурэнне карэннага насельніцтва.

Беларусь вымірае, і вельмі хутка. Што (не) паказалі звесткі Белстату

Чаму нараджальнасць зніжаецца

У ліку рэдкіх выключэнняў – Казахстан, дзе нараджальнасць моцна ўпала ў час распаду Савецкага Саюзу і толькі цяпер вярнулася на ўзровень позняга СССР (у неспакойным 2022 годзе нараджальнасць крыху ўпала, але засталася даволі высокай).

А Беларусь і суседзі маюць вельмі падобныя графікі: нараджальнасць упала ў той жа час, што ў Казахстане, але не аднавілася.

Грузія мае амаль тую ж форму на графіку, што і Беларусь, толькі значэнні на некалькі дзясятых вышэйшыя, а рост у апошнія 20 гадоў крыху хутчэйшы. У выніку Грузія вярнулася да тых 2,1 дзіцяці на жанчыну, неабходных для падтрымання стабільнай колькасці насельніцтва без уліку міграцыі.

Нараджальнасць у Казахстане, Беларусі і суседніх з Беларуссю краінах у 1960–2021 гадах. Звесткі: Worldbank.org

Нараджальнасць памяншаецца, калі памяншаецца смяротнасць, тлумачыць Сідорская. Раней нараджалі па 5–10 дзяцей, бо не ўсе выжывалі – столькі трэба было нарадзіць, каб двое, трое ці чацвёра дараслі да дарослага ўзросту. Калі медыцына стала лепшай і больш даступнай, дзіцячая смяротнасць упала, а нізкая дзіцячая смяротнасць стала адным з паказнікаў развітасці краіны. У Беларусі паказнікі дзіцячай смяротнасці даволі нізкія.

Таксама вырасла і працягласць жыцця. Суразмоўца нагадвае, што нараджалі шмат у тыя часы, калі людзі жылі 30–40 гадоў. А калі сталі жыць 70–90 гадоў і перыяд актыўнага жыцця стаў значна даўжэйшы, патрэба ў высокай нараджальнасці адпала.

Навукоўцы называюць гэта ўсё першым дэмаграфічным пераходам. Ёсць яшчэ і другі, які адбываецца са змяненнем стаўлення ў грамадстве да інстытуту сям’і і шлюбу, да планавання сям’і.

У Казахстане нярэдка прызнаюць, што другі дэмаграфічны пераход там не завяршыўся. Адтуль і высокая нараджальнасць.

Грузія ж можа быць на пазнейшым этапе таго пераходу – наўрад ці там нараджальнасць вышэйшая за беларускую дзякуючы яшчэ меншай дзяржаўнай падтрымцы маладых сем’яў. Нават пры нібы немалой нараджальнасці Грузіі прагназуюць зніжэнне колькасці насельніцтва ў найбліжэйшыя дзесяцігоддзі за кошт высокай эміграцыі і смяротнасці на ўзроўні Беларусі.

У наступных частках «Белсат» раскажа, як нараджальнасць падтрымліваюць у Беларусі, Польшчы, Літве, Расеі, Грузіі і Казахстане, і спытае экспертку, што варта рабіць далей.

Як падтрымліваюць нараджальнасць грашыма ў Беларусі, Польшчы, Літве, Расеі, Грузіі, Казахстане

Як правільна падвышаць нараджальнасць у Беларусі і ці працуюць польскія выплаты «800+»?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны