Як правільна падвышаць нараджальнасць у Беларусі і ці працуюць польскія выплаты «800+»?

Аляксандр Лукашэнка даўно марыць, каб насельніцтва Беларусі вырасла ў разы, але ад ягоных дзеянняў насельніцтва толькі памяншаецца праз зніжэнне нараджальнасці і эміграцыю. Ды рэч не толькі ў Лукашэнку: амаль па ўсім свеце спадае нараджальнасць – нават у заможных краінах, якія прапануюць шчодрыя выплаты за дзяцей. «Белсат» завяршае разбор у трох частках: першая тут, другая тут. Цяпер пытаем, што ж рабіць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Маці і дзіця. Фота: Pxhere.com

Нараджальнасць падае сумарна па свеце і амаль у кожнай асобна ўзятай краіне. На тое ёсць аб’ектыўныя прычыны: людзі ўжо не так хутка паміраюць, як сотню-другую гадоў таму, а цяпер яшчэ і пачынаюць планаваць сем’і ды інакш ацэньваць каштоўнасці. Ды калі не нараджаць дастаткова дзяцей, не будзе каму плаціць падаткі і ўнёскі ў пенсійныя фонды, а цэлыя нацыі папросту знікнуць. Гэта не падабаецца кіраўнікам дзяржаваў, таму з нізкаю нараджальнасцю змагаюцца рознымі сродкамі, ад прапаганды да пабудовы інфраструктуры і грашовых выплатаў.

З нараджальнасцю бяда не толькі ў Беларусі. Чаму чалавецтва расхацела размнажацца?

У Беларусі ўжо даюць адпачынкі на цяжарнасць і роды, часткова аплочаныя адпачынкі для догляду дзяцей да 3 гадоў, падтрымліваюць шматдзетных і агітуюць пладзіцца. Але каб краіна добра развівалася, трэба не толькі нараджаць новых людзей, але і добра ставіцца да тых, хто ўжо ёсць, кажа «Белсату» гендарная даследніца Ірына Сідорская.

«Трэба стварыць такія ўмовы ў краіне, каб людзі хацелі заставацца, каб яны бачылі святло ў канцы тунэлю, каб маглі на штосьці разлічваць, каб верылі, што ў гэтай краіне яны змогуць рэалізаваць сябе, што тут ёсць умовы нараджаць і выхоўваць дзяцей», – разважае экспертка.

У Беларусі, упэўненая Ірына, пра гэта няма гаворкі: людзі не ўпэўненыя не толькі ў будучыні, а нават у сённяшнім дні. Калі не спыняць рэпрэсіяў і не аднаўляць вяршэнства права, то і з нараджальнасцю ўсё будзе кепска. Калі ж Беларусь станецца дэмакратычнаю, працягвае яна, трэба ствараць такія ўмовы, каб людзі, якія хацелі мець дзяцей, маглі рэалізаваць свае планы.

Паводле сацыялагічных апытанняў, заўважае даследніца, цяпер абсалютная большасць маладых беларусаў і беларусак хочуць мець дзяцей – мала тых, хто свядома адмаўляецца ад бацькоўства. Значыць, трэба дапамагаць ім. І рэч не ў адных грошах або жыллёвай плошчы. Для сучасных маладых жанчын галоўнае не грошы як такія, а час і магчымасці.

Сідорская пералічвае праблемы, якія вымагаюць развязання.

«Штраф за мацярынства». Жанчына, якая не нараджае, мае больш стабільнае сацыяльнае становішча. Цяпер дзяржава абмяжоўваецца тым, што суразмоўца а апісвае выразам «вось табе трохгадовы дэкрэтны адпачынак – і ўсё, мы стварылі табе ўмовы». Дзяржаве было б варта даць жанчынам сацыяльныя гарантыі, ствараць бізнес-інкубатары і сістэмы перападрыхтоўкі маладых матуль, паказаць жанчынам, што ім не давядзецца змагацца за выжыванне, калі будуць цяжкасці са здароўем дзіцяці або разжэнства.

Тры гады – задоўгі дэкрэтны адпачынак, калі жанчына хоча будаваць кар’еру. Бо калі нарадзіць трох дзяцей, дык перапынак у кар’еры будзе дзесяць гадоў – веды і кампетэнцыі састарэюць за гэты час, давядзецца пачынаць з нуля. Няма псіхалагічных ці педагагічных абгрунтаванняў для такога доўгага дэкрэтнага адпачынку. Лепш бы дзяржава дапамагала ашчаджаць час, каб не ўсе 24 гадзіны на дзень у жанчыны ішлі на дзяцей і сям’ю.

Інфраструктура не прыязная для сем’яў з малымі дзецьмі. Як прыклад Сідорская прыводзіць нягнуткую сістэму ясляў і дзіцячых садкоў, у якіх дзіця нельга пакінуць увечары ці ў выходныя. Да таго ж, у дзяржаўныя садкі трэба запісвацца за некалькі гадоў, і дзяржава не кампенсуе паслуг прыватных нянек. Можна было б таксама дапамагаць уцягваць бабуль і дзядуляў у догляд дзяцей. Іншы прыклад – грамадскі транспарт, які нават у Менску нязручны для бацькоў з вазком або з некалькімі дзецьмі.

Трэба працаваць з грамадскаю думкаю. Сідорская прыводзіць прыклад з тым жа транспартам: едзе сям’я з дзецьмі ў перапоўненым аўтобусе, а на іх некаторыя глядзяць, маўляў, «панараджалі дзяцей, а цяпер перашкаджаюць ехаць на працу». І распаўсюджанае бачанне, што догляд дзяцей – гэта абавязак жанчыны, ейная «другая змена» пасля працы. І працадаўцы пытаюць, колькі маеш дзяцей, бо калі маеш, дык трэба даглядаць, ісці з працы раней, сядзець на бальнічным…

Трэба ўцягваць мужчынаў у догляд дзяцей. У Беларусі дэкрэтны адпачынак могуць узяць і мужчына, і жанчына, але статыстыка кажа, што толькі 1 % мужчынаў ідзе ў дэкрэт. І гэта найчасцей у выключных сітуацыях, калі жанчына хварэе або калі зарабляе значна больш за мужчыну. А працадаўцы па-ранейшаму ствараюць бар’еры для тых, хто хоча пайсці ў дэкрэт. Некаторыя краіны, напрыклад, прапануюць большыя грашовыя выплаты, калі дэкрэтны адпачынак падзялілі маці і бацька.

Медычная сістэма не надта добра ставіцца да жанчын. Шмат хто згадвае роды як траўматычную сітуацыю, нагадвае даследніца.

Да падобных высноваў нядаўна прыйшоў і Цэнтр новых ідэяў: варта скараціць дэкрэт і «субсідаваць час», паляпшаць інфраструктуру і ўцягваць мужчынаў у догляд дзяцей. А таксама – спрыяць іміграцыі.

«Улада ў Беларусі падобная да акупацыйнай адміністрацыі». Эксперт – пра беларускае грамадства і тое, ці магчымы дыялог

Як зразумець, што працуе і не працуе?

Мала якая развітая краіна апусцілася ніжэй за 2,1 і вярнулася да больш як 2,1 нараджэння на жанчыну. Нават Польшча з выплатамі «800+», амаль поўнаю забаронай абортаў і агітацыяй кшталту білбордаў «Дзе тыя дзеці?» хіба стабілізавала нараджальнасць, але значнага росту не дамаглася.

Білборд са слоганам «Дзе тыя дзеці?» і польскаю статыстыкаю нараджальнасці. Блізу Бельску-Бялай, Польшча. 24 ліпеня 2022 года. Фота: Kamil Czaiński / Wikimedia

Можна ўявіць сабе польскага падаткаплатніка, які пытае: раз нараджальнасць у Польшчы не расце, навошта плаціць тыя «800+»? Вунь Грузія ці Казахстан такога не плацяць, а нараджаюць там большая!

Ірына Сідорская на такое адказвае: можа, не было б гэтых захадаў падтрымання, дык нараджальнасць у Польшчы хутка б падала. Яна згадвае, як полькі адказвалі білбордам «Дзе тыя дзеці?» сустрэчнымі пытаннямі: а дзе дзіцячыя садкі, дзе добрая медычная сістэма?

Як тады спраўдзіць, што працуе, а што не працуе? І як зразумець, якія менавіта захады рабіць у будучай дэмакратычнай Беларусі, каб падвысіць нараджальнасць?

«Я думаю, трэба спытаць тых, хто цяпер стаў або плануе стацца бацькамі, – адказвае Сідорская. – Перш за ўсё, трэба спытаць людзей, якія ў іх планы і што ім перашкаджае».

Беларусь – з тых краінаў, дзе жанчыны актыўна працуюць: Белстат паведамляў амаль год таму, што працуюць 84,5 % жанчын і 83 % мужчынаў працаздольнага веку, прытым вышэйшую адукацыю маюць 40,6 % жанчын і 29 % мужчынаў, занятых у эканоміцы.

Значыць, трэба спытаць жанчын, як сумясціць іхныя ўяўленні аб правільным, прыгожым і шчаслівым жыцці з выхаваннем дзяцей, мяркуе экспертка. На ейную думку, адказы будуць такія: падтрыманне, сацыяльныя гарантыі, інфраструктура, уцягванне мужчынаў і роўнае падзяленне абавязкаў, стаўленне працадаўцаў. І дадае, што сацыяльныя апытанні пакажуць розныя праблемы ў сталіцы і ў вёсцы. А проста заклікі нараджаць не спрацуюць.

Суразмоўца просіць не забываць, што «на адной нараджальнасці далёка не паедзеш»: трэба найперш рабіць так, каб тыя, хто ўжо нарадзіўся, былі здаровыя і адукаваныя, маглі праявіць свой патэнцыял. А не проста казаць «давайце народзім новых людзей», забыўшы пра ўжо народжаных.

Калі рэжым Лукашэнкі страціць уладу, што далей? Вось што казалі на канферэнцыі «Новая Беларусь»

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны