У парламентах Эстоніі паабяцалі стварыць групу «За дэмакратычную Беларусь»

Дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька расказаў, што ў парламенце Эстоніі з’явіцца дэпутацкая група «За дэмакратычную Беларусь» і што падобная група мае з’явіцца ў парламенце Латвіі.

Анатоль Лябедзька расказаў пра працу на Балтыйскай асамблеі ў Таліне: адзначыў, што там «не было паху лукашыстаў» – не было прыхільнікаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна.

«Літаральна кожны, хто выступаў, і дэпутаты, і чыноўнікі, яны гаварылі пра Беларусь, а гэта азначае, што мы на парадку дня», – расказаў Лябедзька.

Ён упэўнены, што група «За дэмакратычную Беларусь» дакладна з’явіцца ў эстонскім парламенце (Riigikogu): перамовы прайшлі з прадстаўнікамі чатырох фракцыяў, як уладнай, так і апазіцыйнымі, і ў тым ліку старшыні камітэтаў вонкавых сувязяў і нацыянальнай бяспекі. У эстонскіх дэпутатаў няма разыходжанняў адносна Беларусі.

У парламенце Латвіі (Saeima) мінулым летам стварылі групу «За дэмакратычную Беларусь», але восенню адбыліся чарговыя парламенцкія выбары, склад сейму змяніўся. Лябедзька расказаў, што меў сустрэчы з прадстаўнікамі дзвюх фракцыяў латвійскага парламенту. Хоць гэта яшчэ не значыць стварэння групы «За дэмакратычную Беларусь», Лябедзька перакананы, што справа дойдзе да стварэння.

Падобныя дэпутацкія групы ўжо створаныя ў 17 краінах – Лябедзька кажа, гэта толькі сярэдзіна шляху. Ён патлумачыў, што такія групы патрэбныя, каб бараніць інтарэсы беларусаў, і нагадаў аб нядаўніх спрэчках наконт санкцыяў і беларусаў у Літве. Такая група «За дэмакратычную Беларусь» у Літве з’явілася яшчэ ў 2013 годзе.

«Так працуе дэмакратыя». У офісе Ціханоўскай назвалі чаканым пераадоленне вета прэзідэнта Літвы

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны