«Мы спалі седзячы». Грамадзянка Ізраілю за жоўта-блакітныя стужкі правяла амаль месяц на Акрэсціна

Грамадзянка Ізраілю Ірына Капілава, якая нарадзілася і вырасла ў Беларусі, правяла 28 содняў у ізалятары на Акрэсціна за жоўта-блакітныя стужкі на машыне. Сваю гісторыю жанчына распавяла ў эфіры ранішняй «Студыі Белсат» 19 чэрвеня.

Стужкі на сваім аўтамабілі Ірына Капілава змясціла яшчэ 26 лютага, і два месяцы гэта быў ейны «асабісты» пікет. Таксама ў жніўні 2020 года жанчына ўдзельнічала ў акцыі пратэсту кіроўцаў на праспекце Незалежнасці ў Менску. У выніку за два гэтыя пратэсты – супраць гвалту і вайны – яе і асудзілі. Але фармальна яе арыштавалі – прычым двойчы – за нібыта размахванне рукамі і невыкананне загадаў міліцыянтаў у РУУС.

З жанчынай правялі пяць допытаў, у тым ліку прадстаўнік ГУБАЗіКу, якія пагражалі ёй, што яна застанецца на Акрэсціна столькі, колькі спатрэбіцца на ўзлом ейнага тэлефону.

«Вельмі цяжкія ўмовы ўтрымання. Мне падаецца, усе магчымыя міжнародныя нормы парушаныя адносна ўтрымання ў такіх установах. У такіх невыносных, насамрэч, умовах. Вязняў трымаюць у вельмі маленькіх камерах. Прычым гэта датычыць менавіта палітычных вязняў», – распавяла грамадзянка Ізраілю.

З беларускай турмы вызвалілі ізраільскую адвакатку Маю Райтэн-Столь

Паводле яе, пэўны час у камеры на два месцы было 18 асобаў, з іх пяцёра – бесхацінцы з вошамі. Ад апошніх некаторыя з палітвязняў заразіліся.

«Мы спалі седзячы. Увечары перад адбоем мы трэнаваліся. У нас гэта называлася «рэпетыцыя сну»: як нам найбольш зручна сесці, каб усе змясціліся на падлозе. Натуральна, без ложкаў», – кажа Ірына Капілава.

Святло ў камеры гарэла ўвесь час. А 2-й і 4-й гадзінах ночы вязняў падымалі на ногі, ладзілася пераклічка. Вязняў не вадзілі ў душ і на прагулку і нават забівалі ім адзінае акно, праз якое паступала крыху свежага паветра.

Да таго ж у вязняў перад тым, як змясціць у камеру, забіралі ўсе сродкі гігіены, неабходныя рэчы. Пры гэтым шмат якім жанчынам працягвалі тэрмін зняволення на адзін-два месяцы, у тым ліку і самой Ірыне.

Разам з ёю ў камеры за палітыку трымалі і былую выкладчыцу МДЛУ Наталлю Дуліну, былі студэнткі, хатнія гаспадыні і іншыя неабыякавыя жанчыны. З іншага боку камеры былі «абсалютна неадукаваныя» ахоўнікі, якія размаўлялі, «калі не казалі матам», прапагандысцкімі клішэ, у тым ліку пра вайну ва Украіне. І дамагчыся ад іх адэкватнага адказу на самае простае пытанне, ці хаця б на просьбу аб туалетнай паперы, было вельмі цяжка.

«Трое содняў можна было прасіць і не атрымаць», – распавяла былая вязень Акрэсціна.

Пасля вызвалення з Акрэсціна жанчына адразу ж з’ехала ў Літву. Ёй забаронены ўезд у Беларусь на пяць гадоў. Цяпер Ірына Капілава плануе падаваць у ізраільскую пракуратуру заяву з прычыны парушэння ейных правоў у Беларусі.

Амбасадар Ізраілю заўчасна пакіне Беларусь

Якуб Хруст belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату