Украінскі эксперт: Міжнародны Чырвоны Крыж павінен перапрасіць за дзеянні кіраўніка арганізацыі ў Беларусі

Міжнародны Чырвоны Крыж павінен перапрасіць за дзеянні кіраўніка Чырвонага Крыжа Беларусі Дзмітрыя Шаўцова на акупаваных тэрыторыях Украіны і расследаваць гэту дзейнасць. Аб гэтым у інтэрвʼю «Белсату» заявіў эксперт праграмы даследаванняў Расеі і Беларусі Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Паўло Радзь.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзіцяці дапамагаюць выйсці з аўтобуса ў рэгістрацыйным цэнтры ў Запарожжы пасля эвакуацыі пры дапамозе Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа з Марыупалю. Запарожжа, Украіна. 1 красавіка 2022 года. Фота: Emre Caylak / AFP / East News

Днямі генеральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў у форме з нарукаўнай нашыўкаю з літарай «Z» – сімвалам расейскай агрэсіі ва Украіне – даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам у Данбасе. Пазней ужо ў рэпартажы дзяржаўнага тэлебачання пра паездку Шаўцоў фактычна пацвердзіў, што арганізацыя ўдзельнічае ў выкраданні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны.

Каментуючы дзеянні кіраўніка Чырвонага Крыжа ў Беларусі, эксперт праграмы даследаванняў Расеі і Беларусі Рады знешняй палітыкі «Украінская прызма» Паўло Радзь адзначыў, што кіраўніцтва Міжнароднага Чырвонага Крыжа павінна расследаваць дзейнасць Дзмітрыя Шаўцова і даць ёй адзнаку.

«Рэакцыя з цэнтру гэтай міжнароднай арганізацыі павінна быць, і яны павінны прынамсі перапрасіць за такую сітуацыю і патлумачыць, як такое магло адбыцца. Гэта па-першае. Па-другое, павінна быць праведзена расследаванне гэтай сітуацыі і магчыма нават змена кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа. Місія Чырвонага Крыжу высакародная і харошая, але прадстаўнікі арганізацыі павінны дзейнічаць у адпаведнасці са статутам, а не займаць чыюсьці пазіцыю, тым больш у інтарэсах акупацыйных сілаў», – сказаў эксперт.

Радзь таксама зазначыў, што публічнае выкарыстанне Шаўцовым літары «Z» на сваім адзенні парушае прынцып нейтральнасці, якога павінен прытрымлівацца прадстаўнік гэтай гуманітарнай арганізацыі.

«Гэта не нейтральнасць. Я б казаў наадварот. Натуральна, ён можа апраўдвацца тым, што зрабіў так, каб не падвяргацца небяспецы, ці прывесці якую іншую прычыну. Але з украінскага боку гэта выглядае як выбар пазіцыі. Гэта відавочная не нейтральнасць. Калі чалавек чапляе на сябе знакі «Z», ці георгіеўскія стужкі ці іншыя знакі, ён дэманструе пэўную пазіцыю, то навошта ён так робіць?», – кажа Паўло Радзь.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь

Эксперт таксама зазначыў, што падобная сітуацыя з Чырвоным Крыжом ва Украіне здараецца не ўпершыню. Яшчэ ў мінулым годзе былі выпадкі, калі яны адмаўляліся выконваць сваю гуманітарную місію ва Украіне. Былі таксама скандалы на тэрыторыі Расеі, калі супрацоўнікі Чырвонага Крыжу былі датычныя да вывазу людзей з акупаваных тэрыторый. «Таму сітуацыя, калі беларускі Чырвоны Крыж быў на Данбасе і займаўся вывазам украінскіх дзяцей, мяне не здзіўляе. Гэта арганізацыя першапачаткова стваралася дзеля дапамогі людзям у цяжкіх сітуацыях з-за баявых дзеянняў. Аднак, відавочна, што яна з палітычна нейтральнай пераўтварылася ў арганізацыю палітычна ангажаваную».

Раней паведамлялася, што генеральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў прызнаўся ў датычнасці да арганізацыі і вывазу ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторыяў. У адказ на гэта прадстаўнік Абʼяднанага пераходнага кабінету па справах транзіту ўлады Павел Латушка заявіў, што ў выпадку зʼяўлення доказаў злачыннай дзейнасці перадасць адпаведныя матэрыялы на Шаўцова Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе.

Кіраўніку беларускага Чырвонага Крыжа прыгразілі трыбуналам за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны