Вярхоўны суд 19 лістапада прыняў рашэнне пазбавіць рэгістрацыі рух «За Свабоду». Прапанова аб ліквідацыі руху паступіла ад Міністэрства юстыцыі.
Старшыня арганізацыі Юрась Губарэвіч паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook, што кампанія прэсінгу ў дачыненні да руха ў 2021 годзе працягвалася больш за шэсць месяцаў. На працягу гэтага тэрміну прайшла комплексная праверка дзейнасці арганізацыі за тры гады і было вынесена два папярэджання ад Міністэрства юстыцыі, прайшло шэсць судовых паседжанняў у Вярхоўным судзе, вобшукі з канфіскацыяй тэхнікі і інфармацыйных матэрыялаў на цэнтральным офісе і па месцы жыхарства кіраўніцтва арганізацыі.
Фармальнай падставай для ліквідацыі юрыдычнага статуса Руха «За Свабоду» стала паслядоўныя адмовы Мін’юста ў кожнай з трох спробаў унесці праўкі ў статут адносна размяшчэння юрыдычнага адраса.
Рух «За Свабоду» праіснаваў 15 год і з моманту стварэння ставіў свае палітычныя мэты.
«Мы нясем адказнасць за лёс краіны і разумеем той факт, што без кардынальных зменаў у Беларусі аднаўленне легальнай дзейнасці не магчыма. У новай Беларусі Рух «За Свабоду» атрымае легальны статус палітычнай партыі якая на ўсіх узроўнях выбарных органаў улады будзе прадстаўляць інтарэсы пра-еўрапейска арыентаванай часткі грамадства. Мы працягнем рабіць усё магчымае, каб гэты час як мага хутчэй прыйшоў», – напісаў Юрась Губарэвіч.
З сярэдзіны ліпеня Міністэрства юстыцыі патрабавала спыніць дзейнасць руху «За свабоду».
Тады на офісе руху і ў намесніка старшыні Віктара Янчурэвіча прайшлі ператрусы, у рэгіёнах былі затрыманыя праваабаронцы і сябры арганізацыі. Праз некалькі дзён сілавікі прыйшлі і да старшыні руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. У канцы ліпеня ўлады заблакавалі рахункі руха «За Свабоду».
АД, belsat.eu