«Арыентуйцеся на падаражэнне 10 %». Колькі сёлета будзе каштаваць навучанне ў беларускіх ВНУ?

18 ліпеня ў вышэйшых навучальных установах Беларусі распачаўся прыём дакументаў на бюджэтную і платную формы навучання. Але не ўсе ўніверсітэты выклалі на сайтах дакладную інфармацыю пра кошты на 2022/23 навучальны год. Журналістка «Белсату» даведалася, колькі сёлета давядзецца заплаціць студэнтам за вышэйшую адукацыю на радзіме, а таксама запытала ў эксперта, ці вартая беларуская адукацыя тых грошай, якія за яе просяць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Не ўсе ВНУ паспелі пралічыць кошты да пачатку прыёмнай кампаніі

Незадоўга да старту прыёмнай кампаніі, 12 ліпеня 2022 года, міністр адукацыі Беларусі Андрэй Іванец падчас прэс-канферэнцыі абвесціў, што сёлета навучанне ў вышэйшых навучальных установах падаражэе прыкладна на 10 %. Мы вырашылі паглядзець, наколькі спраўдзіліся абяцанні міністра. І сутыкнуліся з тым, што не ва ўсіх універсітэтах пралічылі кошты.

На значнай колькасці сайтаў беларускіх навучальных установаў інфармацыя пра цэны старая – за 2021/22 навучальны год. У той жа час амаль усе ўніверсітэты даюць актуальныя звесткі, на 2022/23 год, для замежных грамадзянаў.

На дзень 20 ліпеня абноўленыя кошты на навучанне апублікавалі: універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУіР), эканамічны (БДЭУ), тэхнічны (БНТУ), лінгвістычны (БДЛУ).

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі

Кошты на навучанне на 1 курсе БДУіР:

  • факультэты кампутарнага праектавання, інфакамунікацыяў, радыётэхнікі і электронікі – 3870 руб. (у 2021 годзе – 3520 руб.);
  • факультэт камп’ютарных сістэмаў і сетак, факультэт інфармацыйных тэхналогіяў і кіравання, інжынерна-эканамічны факультэт – 4290 руб. (у 2021 годзе – 3900 руб.);
  • завочнае навучанне на ўсіх спецыяльнасцях – 1485 руб. (у 2021 годзе – 1350 руб.);
  • дыстанцыйнае навучанне – 146 руб. за адну дысцыпліну на 1–3 курсах (у 2021 годзе – 133 руб.), 141 руб. – на 4–5 курсах (у 2021 годзе – 129 руб.).

Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт

Кошт навучання на 1 курсе на ўсіх факультэтах на дзённым навучанні складзе 3181 руб. 20 кап. (у 2021 годзе – 2892 руб.). На завочным аддзяленні – 1135 руб. 20 кап. (год таму – 1032 руб.).

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт

У прэйскуранце дзённай формы навучання ў БНТУ маюцца толькі дзве сумы:

  • 4396 руб. – такія факультэты, як «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці», «Прафесійнае навучанне (інфарматыка)», «Тэхнічнае забеспячэнне эксплуатацыі спартыўных аб’ектаў». У 2021 годзе яны каштавалі 3996 руб.;
  • 4689 – на ўсіх іншых факультэтах. У мінулым годзе – 4273 руб.

Завочная адукацыя ў БНТУ сёлета каштуе ад 1300 руб. (горныя працы, машыны і абсталяванне) да 1709 руб. (іншыя факультэты).

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт

Мы вырашылі не чакаць, пакуль усе установыі апублікуюць свае кошты, і спытацца ў прыёмных камісіях.

Датэлефанавацца ў БДУ было няпроста. Нумар толькі адзін і амаль увесь час заняты. Дзеўчына, якая нам нарэшце адказала, распавяла, што ў прыёмнай камісіі на дадзены момант цэнаў няма, магчыма, на сайце яны будуць выкладзеныя ўжо ў гэтую пятніцу, 22 ліпеня.

«Арыентуйцеся на сумы мінулага года. Сур’ёзнага падаражэння нам не абяцалі», – сказала супрацоўніца прыёмнай камісіі.

У 2021/22 навучальным годзе кошты ў БДУ былі наступныя (1 курс на дзённай форме):

  • самыя танныя спецыяльнасці: «Сацыяльная праца», «Беларуская філалогія», «Руская філалогія» – 3190 руб.;
  • самыя дарагія: «Правазнаўства», «Эканамічнае права», «Міжнароднае права» – 5061 руб. (гэта ўвогуле самы высокая цана на атрыманне вышэйшай адукацыі ў Беларусі). Пасля падаражэння на 10 % будзе 5567 руб.

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка

У БДПУ нам сказалі, што ў іх кошты пакуль што змяняцца не будуць – застануцца на ўзроўні 2021/22 навучальнага года.

«Да 31 жніўня дакладна будуць такія цэны. Да зімы, да другога семестру могуць змяніцца», – распавялі ў прыёмнай камісіі.

У 2021/22 навучальным годзе цэны на атрыманне педагагічнай адукацыі ў Беларусі былі наступныя (1 курс на дзённай форме):

  • факультэты з вывучэннем замежнай мовы – 3226 руб.;
  • музычныя факультэты – 3388 руб.;
  • факультэты выяўленчага мастацтва – 3356 руб.;
  • усе іншыя – 3138 руб.

Завочнае навучанне ў БДПУ ў 2021 годзе каштавала ад 1408 да 1712 руб. на 1 курсе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Беларускі дзяржаўны медычны ўніверсітэт у Менску

Вучыцца на медыка ў Беларусі стала на 10 % даражэй. На сайце БДМУ коштаў пакуль няма, але ў прыёмнай камісіі нам іх назвалі:

  • факультэты лекавай справы і педыятрыі – 4142 руб. (у мінулым годзе – 3766 руб.;
  • стаматалагічны факультэт – 4844 руб. (у 2021 годзе – 4404 руб.);
  • факультэт медычнай прафілактыкі – 3800 руб. (у 2021 – 3456 руб.);
  • фармацэўтычны факультэт – 4142 руб. (у 2021 – 3766 руб.).

Беларускі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт

Выраслі кошты і ў БДЛУ:

  • дзённая форма на факультэтах англійскай мовы, нямецкай мовы, раманскіх моваў, кітайскай мовы і культуры, перакладчыцкім факультэце: 3690 руб. у (у 2021 годзе – 3360 руб.);
  • завочная форма навучання: 1360 руб. (у 2021 годзе – 1240 руб.).

«Рост коштаў на адукацыю ў Беларусі ніяк не карэлюе з падвышэннем яе якасці»

Навучанне ў беларускіх ВНУ даражэе з году на год. Кошт фармуецца зыходзячы з выдаткаў ВНУ: заробкі, камунальныя паслугі, адлічэнні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і г. д. Рашэнне аб падвышэнні коштаў у дзяржаўных ВНУ ўзгадняецца на ўзроўні ўраду.

Дзе атрымаць еўрапейскую адукацыю? Агляд магчымасцяў для беларусаў

На думку палітычнага аналітыка Вадзіма Мажэйкі, кошт беларускай вышэйшай адукацыі зусім не адпавядае яе якасці.

«Рост коштаў на адукацыю ў нас ніяк не карэлюе з ростам якасці, ён выкліканы праблемамі ўніверсітэтаў, патрэбамі ў грашах на закрыццё асноўных артыкулаў выдаткаў, – кажа эксперт. – Дзяржаўныя ВНУ ў нас працуюць не надта эфектыўна, патрабуюць увесь час новых рэсурсаў, і кіраўніцтва не ведае, што рабіць, як гэтыя рэсурсы здабыць, акрамя як падвысіць кошты адукацыі, але ніяк не яе якасць».

У той жа час, зазначае Вадзім Мажэйка, пакуль знаходзіцца дастатковая колькасць студэнтаў, каб план прыёму ў беларускіх ВНУ выконваўся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Я б нікому не раіў вучыцца ў беларускіх універсітэтах, але ў людзей ёсць прычыны, каб аддаваць сваіх дзяцей у навучальныя ўстановы ў нашай краіне, – зазначае аналітык. – Часта бацькам бывае псіхалагічна цяжка адправіць 17-гадовае дзіця за мяжу. Яшчэ дагэтуль жыве шаблон: пойдзеш у БДУ – самую прэстыжную ВНУ ў краіне. І людзі не думаюць пра канкурэнтаздольнасць у параўнанні з замежнымі навучальнымі ўстановамі. Ну і яшчэ, вядома, пытанне кошту жыцця ў Еўропе. Далёка не кожная беларуская сям’я можа сабе дазволіць аплочваць жытло і жыццё дзіцяці за мяжой – у Менск адправіць лягчэй».

У 2022 годзе ў ВНУ прымуць на 2 тыс. менш студэнтаў, чым у 2021-м

Эксперт раіць думаць пра перспектывы, якія могуць чакаць пасля заканчэння беларускай ВНУ.

«Для бюджэтнікаў усё зусім зразумела з перспектывай, – кажа спадар Мажэйка. – А платнікам – шукаць працу, а якія заробкі ў Беларусі цяпер, вядома. Ну, а нават калі выпускнік пасля атрымання дыплому захоча паехаць за мяжу, то трэба ўлічваць, што гэта можа аказацца не такім простым – напрыклад, на апастыль цяпер велічэзная чарга, запісваюць аж на 2023 год.

Паводле лічбаў, якія прыводзіла Міністэрства адукацыі, ВНУ Беларусі ў 2022 годзе плануюць прыняць каля 53,5 тыс. абітурыентаў. У параўнанні з 2021 годам планавы прыём скароціцца на 2 тыс. студэнтаў. Аднак павялічаны прыём на медычныя спецыяльнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

У структуры бюджэтнага навучання сёлета дамінуе дзённая форма – каля 23 тыс. чалавек. На платную дзённую плануюць набраць каля 4,5 тыс. чалавек.

У 2022 годзе ў беларускіх ВНУ з’явяцца некаторыя новыя спецыяльнасці. Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт плануе прыём на «ўрбаналогію і сіці-менеджмент». У БДУ з’явяцца спецыяльнасці «геатэхналогія турызму і экскурсійная дзейнасць» і «біяінжынерыя і біяінфарматыка». БНТУ абвесціў набор на «эканоміку і арганізацыю вытворчасці» ў кірунку «лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве». БДТУ – на «тэхналогію і перапрацоўванне біяпалімераў». А лінгвістычны ўніверсітэт будзе набіраць на «японскую мову і другую замежную мову» са спецыялізацыяй «спецыяльны пераклад».

Ад 1300 да 2000 долараў: ці каштуе сваіх грошай платнае навучанне ў беларускіх ВНУ

Ганна Ганчар belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны