22 сакавіка распачала працу першая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусі VIII склікання. Найперш абралі старшыню – ім стаўся былы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка.
Працу парламенту адкрыў старшыня Цэнтрвыбаркаму Беларусі Ігар Карпенка, апавёўшы пра склад абноўленага дэпутацкага корпусу.
У склад Палаты прадстаўнікоў VIII склікання ўвайшлі 18,2 %, ці 20 чалавек з VII склікання. У новым парламенце – 37 жанчынаў (33,6 % ад усіх дэпутатаў). Самаму маладому дэпутату – 29 гадоў, найстарэйшаму – 66.
70 дэпутатаў – сябры палітычных партыяў, 40 – беспартыйныя. Партыю «Белая Русь» рэпрэзентуе 51 дэпутат (46,4 %), Камуністычную партыю Беларусі – 7 дэпутатаў (6,4 %), Ліберальна-дэмакратычную партыю Беларусі – 4 (3,6 %), Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці – 8 дэпутатаў (7,3 %).
За парламенцкімі выбарамі ў Беларусі назіралі 294 міжнародныя і 45 505 нацыянальных назіральнікаў.
У Беларусі 25 лютага прайшлі гэтак званыя выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых саветаў дэпутатаў. Лідарка дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская адзначыла, што выбары не адпавядаюць дэмакратычным стандартам і нагадваюць ваенную аперацыю супраць уласных грамадзянаў. Яна заклікала міжнародную супольнасць не прызнаваць гэтых выбараў.
АБСЕ падкрэсліла, што кампанія «прайшла ў атмасферы страху, у якой ні адзін выбарчы працэс нельга назваць дэмакратычным». Дзяржаўны дэпартамент ЗША назваў выбары фіктыўнымі. Дэпутат парламенту Францыі Фрэдэрык Пэці назваў выбары ў Беларусі пародыяй і заклікаў МЗС Францыі не прызнаваць іх.
Марыя Міхалевіч belsat.eu