Пахаванне Быкава. Народ і ўлада паасобку

Любоў
Лунёва
Журналістка

Надыходзіў ласкавы цёплы вечар 22 чэрвеня 2003-га. Раптам званок: «Быкаў памёр»… Усе мы ведалі, што ягоны стан здароўя вельмі цяжкі і жыць засталося нядоўга. Але чамусьці каменны голас прымусіў мяне аслупянець. Няма больш і ніколі не будзе гэтага чалавека.

Пахаванне Васіля Быкава. Крыніца: Хартыя97 

Званок быў настолькі шокавым, што я запомніла яго на ўсё жыццё. Было гэта каля Камароўкі. Я стаяла пасярод вуліцы Кульман і нікуды не ішла. Чамусьці адразу згадала радкі з ягонага апавядання «Смерць чалавека» пра салдата той вайны, якая прайшла праз усё творчае жыццё пісьменніка. Пісьменніка, які быў блізкі і зразумелы ўсім нармальным людзям у свеце.

Званкі пайшлі шквалам. Людзі тэлефанавалі адно аднаму і паведамлялі сумную навіну. У тэлевізары ідуць выпускі навінаў, але пра смерць пісьменніка ні слова. Пытанне ж заключалася ў тым, як падаць гэтую вестку і што казаць. Не казаць зусім было нельга. Васіль Быкаў быў надта вядомай асобай не толькі ў Беларусі. Але з другога боку ён быў і сімвалам адраджэння, той самай ідэалогіі, якая была для ўлады апазіцыйнай і варожай.

Таму гледачам толькі на наступны дзень зачыталі сухое паведамленне: пасля працяглай хваробы памёр пісьменнік, шмат каму вядомы сваёй творчасцю. Скупы пералік самых славутых  твораў – і на гэтым усё. Быкаў пісьменнік – і больш ніхто. Натуральна, ні слова пра тое, што з’ехаў з краіны, патлумачыўшы гэтым тым, што яму «цяжка працаваць там, дзе няма свабоды».

«Лукашэнка дагэтуль баіцца Быкава». З публічнага доступу прыбралі фільм «На чорных лядах»

Праўда, была створаная ўрадавая камісія для арганізацыі пахавання, але ў яе адмовіліся залучаць нават асобаў, якія афіцыйна ўваходзілі ў Саюз пісьменнікаў – Сяргея Законнікава, сяброў Быкава Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна. Чаму? Разлічвалі зрабіць невялікі «афіцыёзік» і разысціся па дамах?

І вось надыходзіць дзень развітання. Улады са свайго боку, здавалася б, і месца далі на могілках, і нават як ветэрану вайны ганаровую варту выставілі, але сцэнар быў зламаны імгненна.

Калі сын пісьменніка накрыў труну з целам бацькі нацыянальным сцягам, міністр культуры Гуляка разам з ганароваю вартаю паспяшаліся прэч з залы.

Ці маглі ўлады ў той сітуацыі адправіць АМАП? Гэта было немагчыма. Рэч нават не ў тым, што гэта было пахаванне і скандал быў недарэчны. Прычына была тая ж, што і ў жніўні 2020-га, калі аўтазакі з сілавікамі рэзка зʼязджалі з месца правядзення акцыі. Ці маглі тады ўлады абысціся без канфрантацыі? Ці маглі яны прыгадаць хаця б, што пад гэтым сцягам і гербам у 1991 годзе краіна здабыла незалежнасць? Цяпер адказ відавочны.

Быкаў быў адным з першых, хто даў адказ на гэтае пытанне:

«Калі б Беларусь была менавіта незалежная, няхай бы яна была бедная, неразвітая, адсталая ці слаба развітая, але калі б яна мела незалежнасць, усё астатняе прыклалася б. А пакуль што яна не Беларусь, яна проста ператвараецца ў чарговую губерню Расеі. Хіба не пра гэта сведчыць уся палітыка сучаснага беларускага рэжыму?»

Людзі прыбывалі з кожнай хвілінай. Уся тэрыторыя каля Дому літаратара была запоўненая. На праспекце на мосце са здзіўленнем убачыла работнікаў пракуратуры з розных раёнаў сталіцы. Іх было шмат. Яны таксама стаялі з журботнымі тварамі. Гэта было нечакана. Падумала, што, магчыма, іх даслалі па нейкай разнарадцы. Я не стала высвятляць гэтага пытання. Можа, і дарма. Мінула гэтулькі гадоў, і тых людзей ужо няма на службе.

Васіль Быкаў з іншымі ветэранамі пад бел-чырвона-белым сцягам. Крыніца: Pačvarny / Pinterest

Публіка была розная: выкладчыкі, дактары, рабочыя, студэнты. Адна жанчына трымала ў руках кніжку з апавяданнямі Быкава. Разгаварыліся. Сказала, што працуе на трактарным. У доме кніг няшмат, але Быкава на паліцы тры кніжкі, і ён любімы пісьменнік. І дадала: «І ён жа наш. Разумееце?» Я кіўнула.

Васіль Быкаў як пісьменнік быў па-за палітыкай. Ён пісаў «акопную праўду», праўду жыцця без упрыгожанняў. Тым часам над натоўпам зʼяўлялася ўсё больш нацыянальных сцягоў. І ніводны чалавек не абураўся з гэтага. Няўжо ўлады не разумелі, што ва ўмовах таго рэжыму, які яны ўстанавілі ў краіне, любая падзея такога маштабу абавязкова будзе палітызавацца? Няўжо разлічвалі, што на пахаванне сусветна вядомага пісьменніка прыйдуць усяго некалькі ягоных сяброў?

Міністр культуры адыходзіў далей ад «натоўпу бээнэфаўцаў», як потым з экранаў назвалі пахавальную працэсію, а людзей станавілася ўсё болей. І яны дакладна не былі сябрамі БНФ. Людзей рознага веку і розных прафесіяў абʼядноўвала адно – праўда. Праўда, якую казаў пісьменнік.

Да Усходніх могілак было некалькі кіламетраў. Ішлі павольна, спыняючыся. Уздоўж усяго шляху на тратуарах стаялі людзі. Не было ніводнага метра, каб праспект быў бязлюдны. На спякоце павольная хада стварае вялікія праблемы нагам. Маладым было цяжка, а што казаць пра пажылых? Але ўсе ішлі. Ішоў народ хаваць свайго народнага пісьменніка. І няхай з экранаў галовамі прапагандыстаў улады называлі гэты народ апазіцыяй, людзям ужо было ўсё роўна. Значна важней было адчуваць сябе часткаю гэтага народу. І зноў словы Васіля Быкава:

«Кожнаму наканавана прайсці свой шлях да свабоды асобна».

Тады абышлося без затрыманняў, але за свой рэпартаж пра пахаванне Быкава паплаціўся карэспандэнт НТВ Павел Селін. Улады не даравалі яму «карцінкі», а таксама праўды пра жыццё пісьменніка. Паўла дэпартавалі ў «саюзную» Расею і забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў.

Проста смешная расправа на фоне таго, як улады пачалі распраўляцца з журналістамі праз 17 гадоў. Ці мог тады ведаць расейскі журналіст, што ягоная краіна нападзе на Украіну, а ў Беларусі журналістаў будуць збіваць і кідаць за краты? Ці ведаў ён, што наперадзе будзе вайна з тымі жахамі і пакутамі, пра якія пісаў Васіль Быкаў? І зноў згадваецца выказванне пісьменніка: «Нафта зараз даражэй крыві, і гэта можна лічыць канцом еўрапейскай гісторыі»… Хочацца спадзявацца, што гэтага не будзе, але пакуль на гэтае ёсць толькі надзея.

Словы Васіля Быкава, якія б ён мог сказаць сёння, – да 100-годдзя беларускага генія

Любоў Лунёва belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў