Раман Галоўчанка заявіў, што з Беларусі сышлі «літаральна адзінкі» замежных інвестараў

Прэмʼер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сцвярджае, што практычна ўсе інвестары з недружалюбных краін працягваюць працаваць у Беларусі. Пра гэта ён заявіў у інтэрвʼю «Беларусь 1».

Прэмʼер патлумачыў, што нядаўна Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, які змяняе парадак адчужэння акцыяў прадпрыемстваў, заснавальнікамі якіх зʼяўляюцца фізічныя асобы і кампаніі з «недружалюбных дзяржаваў». Калі замежная кампанія захоча выйсці з бізнес-праектаў на тэрыторыі Беларусі насуперак раней узятым на сябе абавязкам па рэалізацыі інвестыцыйных дамоваў, «то за гэта павінна існаваць пэўная дадатковая плата».

Аднак Галоўчанка верыць, што новы ўказ «не будзе мець шырокага выкарыстання».

«Нават за гэты час, калі ў нас не было такога жорсткага рашэння, літаральна адзінкі кампаніяў вырашылі сысці з Беларусі.

У той час як у той жа Расейскай Федэрацыі, мы бачым, вельмі шмат буйных кампаніяў працягваюць перадаваць актывы мясцовым уласнікам і гэтак далей. У нас такога працэсу ў цэлым не было. То бок пэўныя рашэнні мы прымалі, але яны былі ўзаемавыгадныя.

Такога, каб нехта кінуў бізнес у Беларусі і сышоў з-за санкцыяў, асабіста я як кіраўнік урада не ўзгадаю. Таму гэта хутчэй такая больш прэвентыўная мера, таму што ў цэлым практычна ўсе інвестары з так званых недружалюбных краінаў працягваюць працаваць у Беларусі, рэалізоўваць свае праекты, працягваюць атрымліваць прыбыткі і дывідэнды ад сваіх інвестыцый», – сцвярджае Галоўчанка.

Больш чым 2,5 тысячам юрыдычных і фізічных асобаў забаранілі прадаваць уласнасць у амаль 2 тысячах кампаніяў

Нагадаем, паводле выдання «Белорусы и рынок», толькі за студзень-верасень 2023 года 61 замежная кампанія з 20 краінаў закрыла прадстаўніцтва ў Беларусі. Найбольш закрываліся офісы расейскіх кампаніяў: такіх было 17. Следам Літва (7), Нямеччына (5), Латвія (4), Эстонія, Швейцарыя, Злучанае Каралеўства і Чэхія (3).

Нацбанк пералічыў прычыны нізкай інвестыцыйнай актыўнасці ў Беларусі

Глеб Нержын belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны