Расейскі агрэгатар таксовак запэўніў, што захоўвае ў Беларусі звесткі кліентаў

Кампанія «Maxim», што працуе ў Беларусі пакуль без уласнай юрыдычнай асобы, запэўніла, што персанальныя звесткі пасажыраў захоўваюцца ўнутры краіны. Аднак у каментары «Белсату» прадстаўнік расейскага агрэгатару таксовак адмовіўся раскрываць партнёра, які апрацоўвае гэтыя дадзеныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: taximaxim.ru

«Maxim» выконвае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, таму ўжо трывае працэс рэгістрацыі беларускай юрыдычнай асобы. Працэдуры будуць завершаныя да канца года, згодна з тэрмінам указу аб перавозах», – паведамілі ў кампаніі ў адказ на публікацыю «Белсату» пра змены, што чакаюць перавознікаў у Беларусі.

Паездкі пад каўпаком. Улады будуць ведаць, хто, каго і куды вязе таксоўкаю або маршруткаю

Прадстаўнік сэрвісу таксама запэўніў, што «персанальныя дадзеныя карыстальнікаў захоўваюцца на абсталяванні ўнутры Рэспублікі Беларусь»:

«Кампанія выконвае заканадаўства РФ і Беларусі і не ажыццяўляе транмежнага перадавання карыстальніцкіх дадзеных. Дадзеныя могуць атрымаць толькі праваахоўныя органы Беларусі на падставе афіцыйнага запыту».

На пытанне «Белсату» пра тое, якая кампанія захоўвае і апрацоўвае звесткі карыстальнікаў у Беларусі, агрэгатар адказваць адмовіўся:

«Інфармацыя канфідэнцыйная. Дадзеныя захоўваюцца ў Беларусі. Паўтаруся, трансмежнага перадавання дадзеных не адбываецца».

Цяпер публічна вядома толькі пра аднаго партнёра «Maxim» у нашай краіне – ТАА «Фрахт МА-Магілёў». Гэтая юрыдычная асоба займаецца прасоўваннем брэнду, ладзіць рэкламныя кампаніі ды надае інфармацыйнае падтрыманне ў пытаннях працы агрэгатару.

У «Палітыцы прыватнасці для кліента», апублікаванай на сайце «Maxim», няма інфармацыі пра тое, якая кампанія збірае і апрацоўвае персанальныя дадзеныя. Пры гэтым, напрыклад, «Яндекс» сваіх партнёраў не хавае. Пры гэтым «Яндекс» ухіляецца ад пытання, у якой краіне захоўвае звесткі пасажыраў, а толькі запэўнівае, што «адпавядае заяўленым патрабаванням».

Плануецца, што з новага года ўсіх агрэгатараў таксовак абавяжуць захоўваць звесткі карыстальнікаў у дата-цэнтрах толькі на тэрыторыі Беларусі. Праўда, як казалі раней эксперты «Белсату», прасачыць за выкананнем гэтага патрабавання вельмі складана. А калі, напрыклад, расейскія сілавікі захочуць атрымаць звесткі пра паездку якой-кольвек асобы, цяжкасцяў з гэтым не будзе: беларускія калегі лёгка падзеляцца такой інфармацыяй, атрыманай ад агрэгатараў.

«Яндэкс» паабяцаў не даваць ФСБ звесткі пра паездкі на таксі за межамі Расеі. Але тэхнічная магчымасць маецца

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны