Штурмавы ўзвод батальёну «Волат» аб’явіў збор на станцыі РЭБ

Абвешчаны збор на станцыі радыёэлектроннай барацьбы для штурмавога ўзводу батальёну «Волат» Палка Каліноўскага. Пра гэта ў сябе ў Facebook напісаў кіраўнік «Маладога фронту» і баец батальёну Дзяніс Урбановіч.

Фота: Фэйсбук Дзяніса Урбановіча

Усяго байцы хочуць сабраць 460 тысячаў грыўняў (11,5 тысячы долараў), атрымалася прыцягнуць ужо больш за палову сумы.

Якое менавіта абсталяванне патрабуецца байцам, не ўдакладняецца, аднак у апошнія месяцы сродкі РЭБ сталі вельмі важнымі для штурмавых дзеянняў, у асноўным яны выкарыстоўваюцца для процідзеяння беспілотнікам.

У красавіку для Палка імя Кастуся Каліноўскага быў арганізаваны збор на 100 беспілотнікаў.

«Дзякуючы папярэдняму збору група закрыла патрэбу ў FPV-дронах і неабходным тэхнічным абсталявання. Цяпер мы ўпэўнена паражаем цэлі на 15 км ад лініі баявога сутыкнення. Але ж можна лепш і больш. Пытанне эфектыўнага выяўлення ворага ўсё яшчэ не закрыта», – адзначылі ў палку.

Сваё падраздзяленне беспілотнікаў каліноўцы назвалі ў гонар пратэстоўцы Мікіты Крыўцова, які загінуў у жніўні 2020 года.

Беларусы наладзілі аэравыведку. Цяпер ворагу не схавацца ад дронаў-камікадзэ

Ася Саковіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны