Каго хацелі, затрымалі напярэдадні. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі ў Дзень Волі, 25 сакавіка

Наш традыцыйны вечаровы агляд палітычна матываванага пераследу ў Беларусі.

Шмат затрыманняў, ператрусаў сілавікі правялі напярэдадні 25 сакавіка, таму сам Дзень Волі ў гэтым плане выдаўся адносна спакойным. «Хапуноў» у гэты дзень не было, хоць менчукі паведамлялі, што цэнтральныя вуліцы гораду ўвесь дзень патрулявалі сілавікі.

Сябра БСДП Валянцін Лазарэнкаў. Фота: bsdp.org

25 сакавіка стала вядома, што яшчэ 24-га ў Берасці быў затрыманы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Валянцін Лазарэнкаў. Удома ў яго адбыўся ператрус. Падставы для затрымання невядомыя.

Пасля 15 содняў арышту на волю не выйшаў жыхар Горадні Павел Якубель. Мужчына быў затрыманы 10 сакавіка. На «пакаяльным відэа» ён казаў, што арыштаваны за рэгістрацыю ў плане «Перамога» і ўдзел у пратэсных чатах у Facebook і Telegram, а таксама распавёў, што ён – дзядзька актывісткі Карыны Маліноўскай, якая страціла дзіця пасля затрымання ў 2020 годзе.

У Бабруйску напярэдадні Дня Волі затрымалі больш за 10 чалавек

З’явілася інфармацыя, што 24 сакавіка ў Бабруйску прайшлі масавыя ператрусы і затрыманні, некага пасля іх адпускалі, хтосьці дагэтуль за кратамі. Сярод затрыманых – грамадская актывістка Галіна Смірнова. Яе змясцілі ў ІЧУ паводле падазрэння ў здзяйсненні злачынства (арт.108 КПК РБ). У чым менавіта падазраюць Смірнову, невядома.

Мужа палітзняволенай Крысціны Чаранковай адправілі за краты на 15 содняў. Яго затрымалі яшчэ 22 сакавіка пасля ператрусу. Калі адбыўся суд і паводле якога артыкулу – невядома.

Ніна Багінская. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

25 сакавіка ў 12.30 сілавікі прыйшлі да Ніны Багінскай. Без тлумачэння прычынаў жанчыну завезлі ў РУУС Першамайскага раёну Менску. Там яе пратрымалі амаль увесь дзень і адпусцілі дамоў каля 9-й гадзіны вечара. Што міліцыянты хацелі ад Ніны Багінскай – невядома.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны