У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі супраць нязгодных з беларускім рэжымам. «Белсат» распавядае пра палітычныя рэпрэсіі за 25 красавіка са спасылкай на праваабаронцаў.
– У панядзелак 25 красавіка пачалі судзіць каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову, працэс зрабілі закрытым.
Разам з ёй Менскі гарадскі суд будзе разглядаць справы яшчэ 9 палітвязняў: валанцёра Андрэя Чапюка, палітзняволеных актывістаў анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханады, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянкі, Паўла Шпетнага, Мікіты Дранца, Андрэя Марача, Данілы Чулы. Справу будзе разглядаць суддзя Сяргей Хрыпач.
Палітзняволеных абвінавачваюць на падставе 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу.
– Палітзняволенага Эдуарда Пальчыса ў наваполацкай калоніі закінулі ў ШІЗА.
– Затрыманы сябра Сойма партыі БНФ Зміцер Каспяровіч.
– Нібыта за рэгістрацыю ў «Плане Перамога» затрыманы Дзмітрый Ветраў.
– Палітвязню Аляксею Кудасаву прысудзілі 11 гадоў калоніі.
– Паводле неафіцыйных звестак, затрыманы міністр лясной гаспадаркі.
– Палітзняволенай Людміле Кірыленка прысудзілі год калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту ў жніўні 2020 года.
– Паведамляюць пра затрыманне TikTok-блогера «У меня вопрос». Мужчына мае на сваім акаўнце больш за 100 тысяч падпісантаў, ён здымае ролікі на грамадска-палітычныя тэмы.
– Затрыманы дырэктар «Zborka labs» Барыс Маманенка.
– Не прайшоў атэстацыю адвакат Ігар Касцюк, які абараняў палітвязняў.
– Палітвязень Мікалай Слёз пачаў адбываць тэрмін на «хіміі».
– На волю выйшла Дар’я Данілава пасля 11 месяцаў па справе TUT.BY.
– На палітвязня Руслана Кузьміча, які ўжо адбывае пакаранне, завялі новую крымінальную справу.
– BYSOL эвакуяваў з Беларусі палітвязня Данілу Дарафеева.