У Беларусі ўвялі забарону на ўвоз і эксплуатацыю беспілотнікаў

У Беларусі ўвялі забарону на ўвоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў для фізічных асобаў. Гэта вынікае з падпісанага Аляксандрам Лукашэнка ўказу «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў».

БПЛА. Крыніца: itcrumbs.ru

Згодна з новым указам увоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб грамадзянскіх беспілотнікаў дазволены толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам у мэтах іх прадпрымальніцкай і прафесійнай дзейнасці з захаваннем патрабаванняў, устаноўленых указам.

Для гэтага арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі павінны будуць атрымаць дазвол Дэпартаменту па авіяцыі Мінтранспарту, які арганізуе ўлік беспілотнікаў.

Таксама ўказ прадугледжвае стварэнне аўтаматызаванай сістэмы дзяржуліку БПЛА.

Захоўваць і прадаваць беспілотнікі можна на працягу 6 месяцаў пасля ўступлення ўказа ў сілу. За гэты час БПЛА можна будзе прадаць юрыдычным асобам або перадаць ва «ўпаўнаважаную арганізацыю, вызначаную ўрадам». Што гэта за арганізацыя, пакуль не ўдакладняецца.

Як паведамляе прэс-служба Лукашэнкі, указ накіраваны на «забеспячэнне грамадскай бяспекі і рэгламентаванне парадку дзяржаўнага ўліку грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў і авіямадэляў, а таксама іх выкарыстання».

У пачатку лета Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі ўжо мяняў правілы выкарыстання беспілотных лятальных апаратаў. Тады кожны ўладальнік дрону павінен быў пацвердзіць законнасць набыцця апарата і прайсці навучанне. Таксама беспілотнік трэба было зарэгістраваць у Дэпартаменце грамадзянскай авіяцыі.

Яшчэ раней у Беларусі ўхвалілі забарону на палёты беспілотнікаў над гарадамі, абавязалі ўзгадняць выкарыстанне апаратаў з «Белаэранавігацыяй», а пры неабходнасці здымкаў з паветра – атрымоўваць дазвол у Генштабе міністэрства абароны.

Рэгістрацыя ў дзяржорганах і адукацыйныя курсы. Што зменіцца для ўладальнікаў дронаў у Беларусі?

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны