У Гданьску прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння літаратурна прэміі імя Ежы Гедройця. Пераможцаю стала пісьменніца і журналістка Ганна Кандрацюк.
Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценку старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы» (Праграмная рада тыднёвіка «Ніва», 2022) стала пераможцаю сёлятняй прэміі імя Гедройця.
«У ёй многа любові, якая бʼе ад неба да зямлі. Яшчэ гэтая кніга пра пракавечны лес і пракавечных людзей. Гэтая кніга абʼядноўвае беларусаў і палякаў, нягледзячы на мур», – распавяла Святлана Курс, лаўрэатка прэміі Гедройця 2021 года, пра кнігу Ганны Кандрацюк.
Ганна Кандрацюк жыве і працуе на Падляшшы ў Польшчы. Яна піша на беларускай і польскай мовах.
2 месца ў Сцяпана Стурэйкі з кнігай «Пасажыры карабля Тэсэя» (Янушкевіч, Мінск, 2022).
3 месца – Сяргей Лескець з кнігай «Шэпт» (Вільма / Выд-ц Р.Цымбераў, Мінск, 2022).
Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця была заснаваная 28 снежня 2011 года. Яна прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, якая выдадзена ў папяровым або электронным варыянтах у папярэднім годзе адносна часу прысуджэння прэміі ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Прэмія была названа ў гонар ураджэнца Менску, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройця.