Ірыну Дрыгу знялі з пасады адказнай за дзяржканцэрты. Яна «трымала ў страху Мінкульт»

Ірыну Дрыгу знялі з пасады начальніцай Галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва 16 лістапада. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на крыніцы ў сістэме культуры.

Ірына Дрыга на кінафестывалі «Лістапад», 2018 год. Фота: Белсат

Цяпер замест Дрыгі – Кацярына Усава. Раней яна працавала дырэктаркай у Менскім гарадскім палацы культуры.

«Апошнім часам Ірына Дрыга перастала з’яўляцца на канцэртах разам з міністрам, хаця яны заўсёды хадзілі парачкай. Гэта даволі дзіўна. Яна трымала ў страху ўвесь Мінкульт, усе яе баяліся, бо не дапускала «нядобранадзейных» артыстаў да працы. Тым не менш, некаторыя арганізацыі выпускалі незаменныя кадры, што справакавала шэраг скандалаў асабіста з Дрыгай.

Яна не проста звальняла артыстаў, а яшчэ і тэлефанавала на іншыя іх месцы працы, куды яны ўладкаваліся. Казала, маўляў, гэты чалавек не павінен у вас працаваць. Гэтага можна было і не рабіць, але яна перавыконвала план», – кажа крыніца «Нашай Нівы».

Латушка на пасадзе міністра культуры перадаў для публікацыі чорны спіс артыстаў

Цяпер Дрыга стала кіраўніцай аддзелу па кінематаграфіі. Гэта «ганебнае паніжэнне», лічыць суразмоўца выдання, бо ніякага беларускага кіно цяпер няма:

«Яна была на самым версе, а цяпер не вырашае нічога».

Ірына Дрыга расказвала на дзяржТБ, якія артысты могуць мець магчымасць выступаць на дзяржаўных пляцоўках у Беларусі, а якія – не. Галоўнае патрабаванне – яснае выражэнне прыхільнасці да рэжыму Лукашэнкі. Як распавядаў кіраўнік НАУ Павел Латушка, менавіта Дрыга складала «чорныя спісы» артыстаў.

Таксама яна выступала за скарачэнне ахоўных межаў Курапатаў – месца масавага пахавання і расстрэлаў рэпрэсаваных у СССР.

Было супрацьстаянне ў Дрыгі і з прарасейскай актывісткай Вольгай Бондаравай. Тая была незадаволеная, што Дрыга не дазваляла выступаць сапраўдным патрыётам.

Пад абцасам: як гарадзенская інфаспецназаўка стала гаспадыняй цэлага рэгіёну

Арсен Рудэнка belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны