Затрыманні, арышты і «хапуны» за палітычныя погляды, выказванні і нават жэсты не спыняюцца ў Беларусі і на выходныя. Новую справу завялі на музыку Аляксандра Казакевіча, працягваецца аблава на сябраў АГП.
У дачыненні музыкі і былога палітвязня Аляксандра Казакевіча распачалі новую крымінальную справу. Як паведаміла «Вясна», на Казакевіча завялі справу па тым самым артыкуле, паводле якога яго асудзілі на мінулым тыдні. 19 ліпеня музыку прысудзілі паўтара года «хатняй хіміі». Суддзя Вольга Дубовік прызнала яго вінаватым паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»). Казакевіча вызвалілі ў залі суда пасля трох месяцаў за кратамі СІЗА.
Але 26 ліпеня Аляксандра зноў затрымалі і завялі яшчэ адну справу па тым жа артыкуле. Нібыта Казакевіч датычны да абразы нейкага іншага прадстаўніка ўлады.
30 ліпеня стала вядома, што сябры АГП Антаніна Кавалёва, Аксана Аляксеева і Мікалай Казлоў, якіх затрымалі 27 ліпеня, праходзяць па крымінальнай справе. Стала вядома пра ўчорашняе затрыманне сябра АГП Андрэя Асмалоўскага. Ягоным сваякам паведамілі ў следчым камітэце, што бліжэйшыя 10 дзён ён прабудзе на Акрэсціна.
Не выходзіць на сувязь і грамадзянская жонка Асмалоўскага Дыяна Чарнушына. Яна таксама сябра АГП, выхоўвае дзіцяці з інваліднасцю.
Як паведаміў Reform.by, у Менску затрымалі супрацоўніка IT-сферы. На «пакаянным» відэа сілавікоў у мужчыны сіняк і крывападцёк пад правым вокам. Ён кажа, што праязджаў у машыне па вуліцы Гарадскі вал паўз цэнтральны апарат МУС і «паказаў непрыстойны жэст супрацоўніку МУС». Прызнаецца на відэа, што падпісаны на «пратэставыя» тэлеграм-каналы, расказвае, што ў 2021 годзе яго прыцягвалі да адказнасці «за тое, што перашкаджаў супрацоўніку ЖКГ зафарбоўваць бел-чырвона-белыя сімвалы».
ЗК belsat.eu