«Думаў, што гэта законна». Уцюрын распавёў, навошта браў грошы ў расейскіх бізнесоўцаў
2020.03.23 17:53
Былы кіраўнік Службы бяспекі прэзідэнта, намеснік дзяржаўнага сакратара Савету бяспекі Андрэй Уцюрын заявіў: ён нібыта не разумеў, што бярэ ад бізнесоўцаў хабары, а лічыў гэтыя грошы пазыкаю.
На судзе Уцюрын распавёў, што, яшчэ ўзначальваючы Службу бяспекі прэзідэнта, у Менску ён сустрэўся з калегамі з Саратаўскай вайсковай вучэльні – расейцамі Бахаевым і Гарбачовым, з якімі быў у таварыскіх стасунках. Віталь Гарбачоў тады распавёў Уцюрыну, што мае ў Беларусі камерцыйныя праекты, і пазнаёміў са сваім бізнес-партнёрам Анатолем Маліным, які рэпрэзентоўваў ягоныя інтарэсы ў Менску.
«Пасля той сустрэчы ў Менск стаў прыязджаць Малін і займацца рознымі бізнес-праектамі. Чым ён канкрэтна займаўся, я ўжо не памятаю. Але перыядычна ён стаў звяртацца да мяне па кансультацыі», – адзначыў Уцюрын.
Неабходнасць такіх кансультацыяў Уцюрын тлумачыў тым, што Малін «нікога тут не ведаў» і проста хацеў дапамагчы свайму таварышу Гарбачову.
У 2015-м Малін паведаміў Уцюрыну, што мае праект для Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС. Уцюрын патэлефанаваў начальніку ДВП Сяргею Дарошку – яшчэ аднаму калегу з Саратаўскай вайсковай вучэльні – і папрасіў яго выслухаць Маліна. Пазней ён зноў праз тэлефон запытаў Дарошку, ці зможа кампанія, інтарэсы якой рэпрэзентуе Малін, прыняць удзел у тэндары ДВП на пастаўкі абсталявання аховы і нагляду.
Паводле следства, у 2015 годзе Уцюрын даў загад кіраўніку ДВП Сяргею Дарошку, якія фірмы трэба запрасіць для ўдзелу ў закрытым конкурсе на пастаўкі гэтага абсталявання. У таргах, што праходзілі ў спрошчанай сістэме, перамагла фірма «Сувязькам». За гэта – пры пасярэдніцтве Маліна і Казанцава – Уцюрын атрымаў адкат $ 9000 ад дырэктара «Сувязькаму» Уладзіміра Томчанкі.
«Зіма ж доўгая»
Хаця раней на судзе Уцюрын цалкам прызнаў сваю віну, на паседжанні 23 сакавіка ён дэ-факта дэзавуяваў сваё прызнанне. Уцюрын заявіў, што нібыта ніякіх загадаў Дарошку не даваў, а ягоныя звароты мелі выключна «неслужбовы характар».
Паводле Уцюрына, перамога «Сувязькаму» не толькі не нашкодзіла дзяржаве, але і знізіла дзяржаўныя выдаткі, бо фірма на конкурсе запрапанавала самыя нізкія кошты. А калі Казанцаў у верасні 2017 года перадаў яму $ 9000, то ён нібыта палічыў гэта не хабарам, а пазыкай ад Гарбачова. Бо яшчэ ў канцы 2014-га Уцюрын падчас сустрэчы з Гарбачовым прасіў яго пазычыць $ 300 000, якія яму былі патрэбныя на будоўлю дому.
«Як вы выдаткавалі гэтыя $ 9000?» – запытаў пракурор.
«На харчы ды адзенне», – адказаў Уцюрын.
«Усе $ 9000 на харчы ды адзенне?»
«Так. Зіма ж доўгая».
Аналагічным чынам тлумачыць Уцюрын і наступны хабар – $ 183 000 ад Гарбачова. Паводле следства, ён атрымаў гэтыя грошы за лабіяванне інтарэсаў маскоўскай фірмы «СмартЛабс» для забяспечэння яе перамогі на тэндары «Белтэлекаму».
Але Уцюрын сцярджае, што ніякага лабізму не было: ён ніколі не загадваў кіраўніку «Белтэлекаму» Сяргею Сівадзедаву, а толькі папрасіў яго сустрэцца з Казанцавым і выслухаць яго. Пра адкат з Гарбачовым у яго нібыта не было дамоўленасці.
«Гарбачоў казаў, што калі заробіць на гэтым кантракце, то дапаможа мне грашыма. Але я думаў, што ён дапаможа мне ў выглядзе пазыкі. Мая памылка была ў тым, што мы не абмеркавалі, у якой форме будзе гэтая дапамога», – адзначыў Уцюрын.
Паводле намесніка дзяржаўнага сакратара, менавіта таму ён двойчы прасіў Гарбачова напісаць распіскі, што той пазычыў яму буйныя сумы грошай. Першая распіска – яшчэ за 2018 год (там пазначаная сума $ 150 000), хаця на той момант ніякіх грошай Гарбачоў Уцюрыну не перадаваў. Распіску Уцюрын забраў сабе.
Не вінаваты, але віну прызнаў
«Мы не хаваліся, мы размаўлялі адкрыта. Гарбачоў адкрыта паклаў грошы на стол. Я думаў, што гэта законна», – распавёў Уцюрын пра момант перадачы хабару $ 34 400 у менскім «Union Coffee» 14 лютага 2019 года.
Таксама нібыта не хаваліся яны і падчас перадачы другой часткі хабару – $ 148 600: гэта адбылося ў рэстаране комплексу «Robinson Club». «Я сеў у машыну, пачаў рух, пасля чаго быў затрыманы работнікамі КДБ», – кажа ён.
Уцюрын у выніку прыйшоў да парадаксальнай высновы: ён не лабіяваў інтарэсаў бізнесоўцаў і не збіраўся браць хабараў, але цалкам прызнае сваю віну.«На момант атрымання грашовых сродкаў я думаў, што гэта пазыка. Цяпер я разумею, што гэта было незаконна», – заявіў Уцюрын.
Уцюрын таксама адмаўляе, што падбухторваў Казанцава даць хабар Сівадзедаву памерам € 15 000. Расеец быццам проста распавёў сілавіку, што збіраецца даць нейкую прэмію Сівадзедаву, на што Уцюрын сказаў: «Ды без праблемаў, вядома». «Я так не мусіў рэагаваць… Але навошта мне было схіляць Казанцава да дачы хабару?» – адзначыў ён на судзе.
Уцюрын прызнаўся, што пасля арышту ў яго ў доме і ў службовым пакоі знайшлі $ 210 400 і больш за € 25 000 (гэта не ўлічваючы $ 148 600, з якімі яго затрымалі).
Адкуль ён меў такія сродкі?
Паводле Уцюрына, ён узяў крэдыт у «Беларусьбанку» памерам прыблізна $ 60 000, а ягоная жонка «пазычыла» ў Маліна $ 300 000. Яшчэ $ 300 000 ён збіраўся атрымаць ад Гарбачова. Гэтыя сродкі былі патрэбныя Уцюрыну для будоўлі дому. Дарэчы, Малін цяпер у Расеі ў вышуку праз зусім іншую крымінальную справу – яго вінавацяць у фінансавым махлярстве. На гэты момант ён хаваецца.
Пракурор запытаў, з якіх грошай ён збіраўся вярнуць гэтыя «пазыкі» на агульную суму больш як $ 600 000. Уцюрын патлумачыў, што гатовы быў прадаць кватэру або ўзяць яшчэ адзін крэдыт, калі б гэта спатрэбілася.
Уцюрын пераконвае суд, што дапамагаў Маліну, Казанцаву і Гарбачову выключна з альтруістычных меркаванняў.
«Я ніколі не лабіяваў інтарэсаў Маліна. Я яму і Гарбачову заўсёды казаў, што нікога ўгаворваць ды прымушаць не магу і не буду. Я заўсёды казаў: чым змагу, тым дапамагу», – заявіў Уцюрын.
Экс-намеснік дзяржсакратара падкрэсліў, што не меў нават паўнамоцтваў, каб даваць нейкія загады Дарошку і Сівадзедаву. Свае званкі ім Уцюрын тлумачыць выключна «вучылішчным братэрствам». «Просьба сябра з вайсковай вучэльні – гэта святое. Кашулю апошнюю здыму і аддам Гарбачову», – адзначыў ён.
Пасля арышту Уцюрын напісаў чыстасардэчнае прызнанне на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў 1971 годзе ў закрытым горадзе Пенза-19. З 1988 па 1992 год вучыўся ў Саратаўскім вайсковым вучылішчы. З 1992 па 1995 год служыў у в\ч 3214. У 1995 годзе Андрэй Уцюрын трапіў у Службу бяспекі прэзідэнта (СБП). Ён працяглы час узначальваў упраўленне асабістай аховы Лукашэнкі. А з 2007 па 2014 год быў кіраўніком СБП. У 2014 годзе Лукашэнка прызначыў Уцюрына намеснікам дзяржсакратар Савету Бяспекі. На гэтай пасадзе ён курыраваў пытанні МУС, Следчага камітэту, ДФР КДК, МНС і Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў. 21 красавіка 2019 года Уцюрына арыштаваў КДБ.
Справу аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння Вярхоўны суд пачаў разглядаць 10 сакавіка. На лаве падсудных апынуліся 16 чалавек – чыноўнікі, прадстаўнікі дзяржаўных банкаў і камерцыйных прыватных структураў. Частку вінавацяць у атрыманні, а частку – у даванні хабараў.