У судзе па справе аб карупцыі пры пастаўках у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп’ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння распачаўся допыт грамадзянаў РФ, якіх вінавацяць у даванні хабараў намесніку дзяржсакратара Савету Бяспекі Андрэю Уцюрыну.
Расейскі грамадзянін Уладзімір Казанцаў у Беларусі некалькі гадоў прадстаўляў інтарэсы кампаніі «СмартЛабс», а потым – «УГМК-Тэлекам». Акрамя таго, Казанцаў, як і іншы фігурант справы расеец Віталь Гарбачоў былі ўласнікамі шэрагу невялікіх субпадрадных арганізацыяў, якія працавалі па кантрактах «СмартЛабс», а пазней «УГМК-Тэлекам».
На судзе Уладзімір Казанцаў распавёў, што з Андрэем Уцюрыным яго пазнаёміў расейскі бізнесовец Анатоль Малін. Малін прадставіў Казанцаву Уцюрына як «вельмі важнага чалавека ў Рэспубліцы Беларусь». На той момант Уцюрын яшчэ займаў пасаду кіраўніка Службы бяспекі прэзідэнта.
Маліна сярод абвінавачаных па «справе 16-ці» няма, але ў матэрыялах ён фігуруе. Паводле следства, менавіта з ім Уцюрын дамаўляўся пра адкат, калі лабіяваў інтарэсы фірмы «Сувязькам» пры пастаўках абсталявання для Дэпартаменту выканання пакаранняў (ДВП) МУС. Што звязвала Уцюрына і Маліна, як яны пазнаёміліся – невядома. Казанцаў на судзе сказаў толькі, што ў іх былі «дзелавыя стасункі».
Як распавёў Казанцаў на працэсе, у 2015 годзе ў іх з Маліным адбылася размова наконт конкурсу на пастаўкі абсталявання ДВП МУС. Бізнесоўцы прыйшлі да высновы, што кампанія Маліна ТАА «Смарт Інтэграцыя» не адпавядае тэхнічным патрабаванням для ўдзелу ў тэндары. Таму Малін прапанаваў Казанцаву знайсці кампанію, якой бы яны пры дапамозе Уцюрына забяспечылі перамогу. Казанцаў знайшоў такую кампанію – «Сувязькам». Дырэктару «Сувязькаму» Уладзіміру Томчанку патлумачылі, што дапамогуць яму не бясплатна – сума адкату мусіла скласці $ 10 тысяч. Гэтыя грошы прызначаліся Уцюрыну, хаця Томчанку гэтае імя не называлася. У чым быў інтарэс Маліна і Казанцава – у судзе не патлумачылі.
У 2015 годзе Уцюрын даў загад кіраўніку ДВП Сяргею Дарошка наконт таго, якія фірмы трэба запрасіць для ўдзелу ў закрытым конкурсе на пастаўкі абсталявання аховы і нагляду. У таргах, што праходзілі па спрошчанай сістэме, перамагла фірма «Сувязькам». Пасля гэтага Томчанка перадаў адкат Казанцаву, а той – Уцюрыну. Перадача грошаў намесніку дзяржсакратара адбылася 26 верасня 2017 года ў двары будынку, дзе месціцца Union Coffee (гэтае кафэ на каля цырку было традыцыйным месцам сустрэчы Казанцава і Уцюрына).
У канцы 2017-га пачатку 2018-га Казанцаў разам з Гарбачовым вырашылі пры дапамозе Уцюрына дамагчыся заключэння кантракту з «Белтэлекам» на пастаўку апаратнага комплексу «Смартзала».
«Уцюрын мусіў паўплываць праз Сівадзедава [генеральны дырэктар «Белтэлекама» Сяргей Сівадзедаў. – Belsat.eu] на правядзенне конкурсных працэдураў», – заявіў Казанцаў.
Агульная сума кантракту «Белтэлекама», што быў заключаны ў ліпені 2018 года, склала $ 1,2 млн. 32 % мусіла адысці субпадрадным арганізацыям Казанцава, 68 % – арганізацыям Гарбачова. Доля Уцюрына павінна была скласці ⅓ ад прыбытку па кантракце. Таму падчас сустрэчаў Казанцава з Уцюрынам апошні цікавіўся дэталямі кантракту.
«Уцюрын ацэньваў колькі зможа зарабіць», – распавёў Казанцаў.
Казанцаў і Гарбачоў пасля перамогі на тэндары таксама планавалі даць хабар Сяргею Сівадзедаву, каб матываваць яго на беспраблемную рэалізацыю кантракта. У жніўні 2018 года Казанцаў зрабіў Сівадзедаву адпаведную прапанову падчас асабістай сустрэчы. Адкат разлічваўся па формуле $ 1 за адну прыстаўку (усяго «СмартЛабс» мусіў паставіць 100 тысяч прыставак). Сівадзедаў тады ўхіліўся ад шчырага адказу. «Паглядзім», – сказаў ён. Але потым гэты хабар Сівадзедаву расейцы вырашалі ўсё ж не даваць.
У пачатку 2019 года кампанія «СмартЛабс» змяніла заснавальнікаў, пачала перапрафіляванне і вырашыла згарнуць працу з Беларуссю. На яе месца прыйшла кампанія «УГМК-Тэлекам» – цяпер ужо яе інтарэсы ў Менску прадстаўлялі Казанцаў і Гарбачоў.
«УГМК-Тэлекам» у 2019 годзе планаваў атрымаць буйны кантракт на пастаўкі абсталявання ў Беларусь. У тэндары «Белтэлекаму» расейская кампанія фаварытам не была. Таму Казанцаў 29 студзеня 2019 года перадаў Сівадзедаву хабар у памеры € 15 тысяч. Дапамагчы зняць з тэндару канкурэнтаў мусіў і Уцюрын.
Апошняя размова на гэты конт Уцюрына і Казанцава адбылася ў сакавіку каля Палацу Рэспублікі. Уцюрына і Гарбачова КДБ арыштаваў 21 красавіка ў момант перадачы хабару. Казанцаў пра гэта нічога не ведаў, таму 23 красавіка ён спакойна прыляцеў у Менск і быў затрыманы адразу ў аэрапорце. Сваю віну ён цалкам прызнае.
Ігар Ільяш Belsat.eu