Кныровіч: Развал Расеі будзе вельмі дорага каштаваць Беларусі

Вайна ва Украіне – віна Пуціна ці ўсяго расейскага народу, які нясе за яе калектыўную адказнасць? І што гэта ў выніку значыць для Беларусі і беларусаў? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» дыскусію Аляксандра Кныровіча і Святланы Курс.

Эканаміст і бізнесовец Аляксандр Кныровіч заяўляе: беларусы і расейцы – у адным чоўне, «мы практычна аднолькавыя». А пісьменніца і лаўрэатка прэміі імя Гедройца Святлана Курс упэўненая, што ў цяперашняй імперыялістычнай вайне вінаватае ўсё расейскае грамадства.

«Гэта абсалютна нармальна, што ёсць калектыўная адказнасць, або калектыўная віна. Іх трэба адрозніваць адзін ад другога. І прымаць, таму што грамадства сталае, спелае, дарослае. Яно павінна ўсведамляць, што яно нарабіла. Калі яно гэтага не ўсведамляе, то перад ім адкрытая вялікая дарога бяды, няшчасця і гора. Я лічу, што расейцы, якія ўсяляк адпіхваюцца ад гэтай калектыўнай адказнасці, усведамлення сваёй гісторыі, будуць цярпець да таго самага моманту, пакуль не ўсвядомяць гэтай віны і адказнасці. І я безумоўна іх вінавачу. Але заўсёды ў розуме трэба трымаць тых, хто праведнік. Я заўсёды памятаю, што ёсць спадарыня Дабравольская, Наталля Эстэмірава, спадарыня Старавойтава і Ганна Паліткоўская, і Кара-Мурза, і Барыс Грабеншчыкоў. Я гэта памятаю, але калектыўная віна і калектыўная адказнасць ёсць, і радаснае валюханне ўсяго народу ў зле ў расейскім грамадстве таксама прысутнічае. Я не сляпая, я гэта бачу. Гэта маё крэда, але я не суддзя, канечне», – тлумачыць Святлана Курс.

Паводле Аляксандра Кныровіча, падабенства Беларусі да Расеі палягае ў тым, што ў нас супраць вайны таксама толькі «маўклівая большасць». Аднак ёсць адно істотнае адрозненне.

«У расейцаў ёсць нармальны вэймарскі сіндром імперыі, якая прайграла… У беларусаў, слава Богу, яго няма, мы іншая нацыя. Але ў беларусаў ёсць іншая праблема. Спытайце ў пераважнай большасці беларусаў, ці адчуваюць яны сваю адказнасць як грамадства за тое, што адбылося ў 1994 годзе, у 2000-м, у 2005 годзе, у 2020-м. Ці ёсць беларус, які адчувае адказнасць за тое, што адбываецца сёння ва Украіне? – запытваецца Аляксандр Кныровіч і дадае, што ⅔ беларусаў да сёння лічаць, што яны не бяруць удзелу ў вайне. – Тое, што з Гомля зайшлі войскі, заехалі танкі, была Буча (а Бучу зрабілі менавіта тыя войскі, якія заходзілі з тэрыторыі Беларусі), што з тэрыторыі Беларусі скіраваныя 720 ракетаў, дык гэта мы не бяром удзелу, гэта не нашае. Беларусь жыве, заплюшчыўшы вочы».

Святлана Курс не згаджаецца з Аляксандрам Кныровічам і мяркуе, што вядомае прыслоўе «мая хата з краю» – гэта адлюстраванне тактыкі выжывання 9-мільённага народу пад падвойнай акупацыяй – «русского мира» і рэжыму Лукашэнкі. Не трэба адмаўляць сваёй віны перад украінцамі, але трэба з разуменнем ставіцца да тых умоваў, у якіх жыве беларускі народ.

«Беларусь – гэта вялікі канцлагер. Так, адказнасць ёсць. Але фактычна мы павінны ўяўляць сабе, наколькі гэта страшна і наколькі безнадзейна – бунтавацца ў канцлагеры. На гэта здольны не кожны чалавек», – дадае Святлана Курс.

У чым адрознасць паміж беларусамі і расейцамі ў пытанні вайны? Чаму расейцы радуюцца выкарыстанню «Санцапёкаў» ва Украіне? Чаму нельга верыць сацыялагічным апытанням і ці гатовыя Беларусь і Расея да дэмакратыі? Што будзе ў Расеі, калі замест Пуціна прыйдзе Рамзан Кадыраў? Ці можна зламаць «расейскага чалавека» і які кошт развалу Расеі для Беларусі? Адказы на гэтыя і шмат якія іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Паспяховыя беларусы свету прывядуць да адхілення Лукашэнкі?

Інфачыкацілы на службе Лукашэнкі. Як дурыць беларусаў прапаганда

Атака на сям’ю Лукашэнкі

Ствараюць парламент для ўдару ў 2025-м? Што такое Каардынацыйная рада

Ціханоўская адправіць Сахашчыка ў адстаўку і застанецца пасля 2025 года?

Пасыплецца як картачны домік? План ад палка Каліноўскага для Беларусі

Дэвальвацыя рубля праз тры месяцы? Услед за абвалам расейскага

Адкрыюць пункты пропуску, але забароняць рух тавараў праз мяжу?