Спалучэнне белага і чырвонага ў лукашэнкаўскай Беларусі забароненае ды ёсць падставаю для рэпрэсіяў. Дызайнеркі Вольга Кучарэнка і Анна Прышывалка выкарысталі нацыянальныя колеры ў сваім новым праекце «Яднанне».
Пасля падзеяў 2020 года спалучэнне белага і чырвонага зразумелыя кожнаму беларусу. Менавіта так лічыць Вольга Кучарэнка, якая ў Беларусі шыла адзенне. Цяпер яна працягвае гэтую працу ў Польшчы, дзе разам з Аннаю Прышывалка яны стварылі праект «Яднанне» і прэзентавалі калекцыю ў Музеі вольнай Беларусі. У калекцыі спалучаныя элементы, якія цягам апошніх двух гадоў сталі вядомыя кожнаму беларусу, разам з нашымі агульнымі «болем і радасцямі».
«У 2020 годзе ўсё стала магчыма, бо мы ўбачылі, колькі нас стаіць у чэргах, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў. І мы зразумелі, што ўсе мы думаем пра адно і хочам аднаго. І нас проста агромністая колькасць», – заўважае Вольга Кучарэнка.
«Цяпер творчым людзям вельмі важна працягваць тварыць, рэфлексаваць на тэму таго, што адбываецца ў нашай краіне. Ёсць такое меркаванне, што Беларусь страціла шмат творчых людзей. Не страціла. Проста мы вымушаныя цяпер працягваць ствараць на іншай тэрыторыі, але наш унёсак – гэта ўнёсак у менавіта ў беларускую культуру, беларускае сучаснае мастацтва», – адзначае Анна Прышывалка.
Чым натхняліся дызайнеркі пры стварэнні праекту «Яднанне»? Чаму лічаць спалучэнне белага і чырвонага колераў актуальным для беларусаў менавіта сёння? Як яны ўяўляюць працу творчых беларусаў? І ці праўда, што пасля 2020 года мы больш страцілі, чымся набылі?
Таксама ў новым выданні «Беларускага свету»:
Праграму «Беларускі свет» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на YouTube.