Кіраўнік РАУС – жонцы палітвязня: «Яго пасадзілі – і цябе пасадзім». І пасадзіў. Малыя дзеці засталіся без бацькоў

Юлія ды Ігар жылі ў вёсцы Белавусаўшчына, што каля Пружанаў. Яна бібліятэкарка, ён будаўнік. Інтэлігентная сям’я, гадавалі траіх дзяцей – дзевяці, дзесяці і дванаццаці гадоў. І разам жа іх засудзілі ў гэтак званай карагоднай справе. Ужылі крымінальныя артыкулы: яму далі 2,5 года калоніі, ёй – «хатнюю хімію». Наш аператар з’ездзіў да Юліі ды ейнай сямʼі, але яго схапілі, а матэрыял знішчылі. І таму адзінаю магчымасцю паразмаўляць пра жыццё сямʼі і даведацца, чым трэба дапамагчы, была размова онлайн. І цяпер мы паразмаўляем з Юляю пра жыццё, праблемы і нашую беларускую салідарнасць.

На мітынгу для падтрымання Святланы Ціханоўскай, жнівень 2020 года. Фота: сямейны архіў герояў

«Далі мужу 2,5 года калоніі за «актыўны ўдзел, што груба парушае грамадскі парадак», а мне далі 3 гады «хатняй хіміі» паводле гэтага ж артыкулу, а мужу яшчэ плюс паводле 188-га. Складанне пайшло. Гэта «паклёп» на выбарчую камісію, якая ў нас тут у вёсцы была на выбарчым участку № 14 Белавусаўшчыны. У тэлеграм-канале былі размешчаныя камісіі, што фальсіфікуюць выбары і былі ўскосна датычныя да смерці людзей пасля выбараў. І нібыта заявілі, што гэта напісаў мой муж. Напэўна, пяць ператрусаў ужо прайшло. Забіралі нават тэхніку дзяцей. Мне асабіста ўвесь час начальнік РАУС кажа, што ён забярэ дзяцей: «Я пасадзіў твайго мужа, я пасаджу цябе – і дзеці твае пойдуць у дзіцячы дом!» – расказвае Юля.

Гераіня прызнаецца, што сілы ёй даюць толькі дзеці.

У Беларусі працягвае адбывацца беззаконне. Як толькі мы скончылі запісваць гэтае інтэрвʼю з Юляй, яе арыштавалі.

«Карагоднікам» дадаюць яшчэ адзін крымінальны артыкул, вядома мінімум пра чатыры выпадкі

Трое няпоўнагадовых дзяцей забрала бабуля, маці Юліі. Цудам нам удалося запісаць каментар спадарыні Таццяны.

«Юлю затрымалі 13 кастрычніка. Гэта было вельмі нечакана і для мяне… Першыя трое содняў была ў Берасці ў ІЧУ. Цяпер яе перавялі ў следчы ізалятар Берасця № 7. Пасля таго як яе забралі, адразу прыехала апека, каб высветліць, што рабіць з дзецьмі. На гэты момант дзеці ў мяне, мы паволі афармляем апеку над імі. Крыху камень з душы спаў, што ўсё ж такі маё дзіця засталося цвёрдае сваёй волі. Яна трошкі акрыяла духам. Радая, што маё дзіця ведае, чаго яно хоча ад гэтага жыцця. Самая галоўная мэта – мае ўнукі. І падтрымліваць абаіх дзяцей – і дачку, і зяця. У першыя содні пасля таго як затрымалі Юлю, я не ведала, што далей рабіць. Але ёсць людзі, якія самі знайшлі нас, самі прапанавалі дапамогу, падтрымку… І маральную, і матэрыяльную. Таму я вельмі, вельмі ўдзячная ўсім людзям, якія адгукнуліся на нашую бяду…» – дзеліцца спадарыня Таццяна.

Нашы героі вельмі сціплыя, сапраўдныя беларусы. Яны не скажуць, але я скажу: нашай гераіні і ейнай сям’і сапраўды патрэбная падтрымка. Дапамагчы можна з любога пункту свету. Публічна ці ананімна, напісаўшы да нас.

Малодшы сын Ігара гладзіць сабаку, які ўсё чакае, калі гаспадар вернецца. Фота: «Беларус беларусу»

А яшчэ я маю асабістую просьбу да вас, нашыя гледачы. І я веру ды ведаю, што гэта дапаможа нашым героям. Калі ласка, усе тыя, хто ліставаў да нас і прапаноўваў сваю падтрымку і дапамогу, зрабіце гэта яшчэ раз! Бо ў часе рэпрэсіяў у мэтах бяспекі мы знішчылі ўсё ліставанне. Дзякуй за вашую салідарнасць. І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога!

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) з любога пункту свету – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашай суполкі ў Facebook.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу а 18:50 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, наYouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Першая ў Еўропе кавярня «Inclusive Barista»

«Прачынаешся з думкаю, ці затрымаюць цябе сёння»

Паліна Шарэнда-Панасюк. Новая справа за два дні да вызвалення

Як беларусы ладзяць незвычайныя выправы ў горы. Узяць удзел можа кожны!

«Людзі бягуць з Беларусі»: шэлтар у Вроцлаве

«Начальнік калоніі Талсцянкоў ад яе шалеў». Марыя Калеснікава ў ПК № 4. Мія Міткевіч

У Валадарцы вязні правялі Марш волі

Якія «Песні Перамогі», калі побач вайна. Аляксандра Мамінава