30 дзён і 30 начэй на працы – заробак каля $ 100. Калгаснікі змагаюцца супраць мізэрных заробкаў



Такія парушэнні, як заробак, ніжэйшы за мінімалку, ды эксплуатацыя рабочых, – з’ява ў Беларусі не новая. З тае прычыны, што іншай працы ў вёсках няма, працаўнікі калгасаў выконваюць не толькі ўласныя абавязкі, але і працу тых, каго калгас вырашыў не наймаць.

«100 рублёў, 120, 180 сама больш», – распавядае пра свае заробкі Уладзімір Яўхута.

Спадар Уладзімір працаваў жывёлагадоўцам на ферме ў вёсцы Вострава Слонімскага раёну. Даглядаў кароваў: карміў і паіў жывёліну, выкідаў гной. Апроч сваіх абавязкаў, рабіў таксама і працу вартаўніка. Часам працаваць даводзілася без выходных.

«30 дзён, 30 начэй на працы. Па 300 гадзінаў. Больш за мінімалку не атрымліваў», – кажа мужчына.

У снежні ферму ў Востраве закрылі, а ўсіх працаўнікоў перавялі на іншую. Яна таксама ўваходзіць у склад сельскагаспадарчага прадпрыемства «Міжэвічы». Не знайшлося там месца толькі спадару Уладзіміру – яго скарацілі.

«Разумееце, у калгасе не патрэбныя акуратныя людзі, якія цвярозыя будуць працаваць і выконваць свае абавязкі. Ім патрэбныя аматары выпіць, якім можна няправільна налічыць заробак», – дадае Данута Яўхута, жонка спадара Уладзіміра.

Скардзішся? Звольнены!

У няласку да калгаснага кіраўніцтва спадар Уладзімір трапіў яшчэ ў 2017 годзе. Калі пачаў скардзіцца на малы заробак. Тады яго і звольнілі.

Афіцыйная версія звальнення – нядобрасумленна выконваў свае абавязкі. То нібыта гной нясвоечасова прыбярэ, то корму каровам не падкіне. У якасці сведчанняў – подпісы даярак, якія пацвердзілі нядобрасумленнасць жывёлагадоўцы. Пасля звальнення спадар Уладзімір падаў скаргу ў суд, і яго вярнулі на працу. Бо ўсе доказы аказаліся фікцыяй.

«Сам Слонімскі суддзя выявіў, што падробленыя подпісы. На судзе самі даяркі сказалі, што гэта не іхныя подпісы», – распавядае Уладзімір Яўхута.

Цяпер, ужо пасля скарачэння, спадар Уладзімір працягвае судзіцца з кіраўніцтвам калгасу. Спрабуе спагнаць з гаспадаркі недаплачаны заробак і атрымаць фінансавую кампенсацыю за адпачынак. Ён – адзіны з працаўнікоў сельскагаспадарчага прадпрыемства «Міжэвічы», хто вырашыў адстойваць свае правы. Але не задаволеных заробкам у гаспадарцы шмат.

«Самае большае 200 рублёў, вось і ўвесь наш заробак. Што можна за такія грошы купіць? Камуналкі заплаціць, дзяцей у школу адправіць», – кажа Жанна Каспяровіч, даярка КСУП «Міжэвічы».

Як змагацца з нядобрасумленным працадаўцам?

Спадарыня Жанна працуе даяркаю 20 гадоў. Доіць кароваў з 6-ай раніцы да 12-ай дня. Потым ідзе дадому. А з паловы на 18-ую да 21-ай яна зноўку мусіць быць на ферме. Выходных у спадарыні Жанны няма. Як і іншай працы ў вёсцы.

«Устаноўлены мінімальны заробак, які на гэты момант больш за 300 рублёў складае. Натуральна, чалавек, які прапрацаваў поўны працоўны час і нават больш за тое, не павінен атрымліваць менш», – каментуе Ігар Комлік, прадстаўнік прафсаюзу РЭП.

Адзінае выйсце, калі вы не хочаце працаваць за дваіх, а заробак атрымліваць за аднаго, – звяртацца ў вышэйшыя структуры.

«Я пайшоў у кантору да нас і напісаў заяву, што не задаволены сваім заробкам 500 рублёў на месяц», – распавядае Дзяніс Шчуцкі, былы працаўнік калгасу.

Спадар Дзяніс жыве ў Смалявічах. Яшчэ некалькі месяцаў таму ён працаваў жывёлагадоўцам у СПК «Першамайскі», філіяле БелАЗу. Некалі нават атрымліваў мару беларуса – 500 долараў. Але потым калгаснікаў сталі скарачаць. А ў тых, хто застаўся, заробак рэзка ўпаў. Мужчына пачаў пісаць скаргі і даведаўся, што яму не даплачвалі грошай за начныя змены.

«Звольнены датэрмінова па патрабаванні работніка ў сувязі з парушэннем наймальніка аб працы», – чытае запіс у сваёй працоўнай кніжцы Дзяніс Шчуцкі.

Спадар Дзяніс, у якога стала не хапаць грошай, каб карміць вялікую сям’ю, звярнуўся ў Дзяржкантроль і Дэпартамент працы. Высветлілася, што паводле заканадаўства ён меў даглядаць 120 галоваў жывёлы. А на справе мужчына працаваў адзін на дзве фермы і адказваў за 500 кароваў.

«Адзін раз задушылася цёлка, выклікалі старшыню, маўляў, што з табою рабіць. Кажу: рабіце ўсё паводле закону. Мне нічога не зрабілі», – распавядае былы працаўнік калгасу.

Ад адной фермы да суседняй – 800 метраў. Пакуль спадар Дзяніс бегаў да аднаго статку, другі заставаўся без нагляду. А ўсё таму, што вырашылі ашчадзіць на працаўніках. У такім рэжыме жывёлавод працаваў апошнія два гады. Цяпер мужчына мае намер сустрэцца з былым кіраўніцтвам у судзе.

«За два гады хачу, каб мне заробак пералічылі ды высветлілі, чаму я так працаваў. Вось чаго менавіта я хачу», – кажа Дзяніс Шчуцкі.

Паводле звестак Белстату, на апошні месяц мінулага года сярэдні заробак калгаснікаў складаў каля 700 рублёў. Але насамрэч, калі зірнуць у кішэні жывёлагадоўцаў і даярак, то відаць, што зарабляюць людзі 200 рублёў. Ды і адкуль брацца грошам на заробкі працаўнікам, калі сельская гаспадарка ў Беларусі – стратная галіна, якая жыве на датацыях? І гэта пры тым, што кожны год у развіццё калгасаў дзяржава інвестуе мільярды долараў.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • З-за малых заробкаў дактароў беларусаў няма каму лячыць
  • Чаму ў вёсцы складана знайсці работнікаў?
  • Беларусы ўцякаюць у Расею ды Украіну

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

У Беларусі патрэбны цэнтр для крызісных сітуацыяў

«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе». Што выратуе эканоміку?

Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?


Грошы скончыліся. Як выжыць без іх?

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Як ад беларусаў хаваюць сапраўдны маштаб эпідэміі

Грошы на чужой бядзе. Хто нажываецца на эпідэміі?

Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?

Каронакрызіс. Параўналі дзяржаўную дапамогу ў Беларусі ды іншых краінах