Адарвала пальцы на вытворчасці, цяпер дакажы, што інвалід?

«Няважна, што няма трох пальцаў ды засталася палова кісці – групы няма! Цяпер атрымліваецца, што я не інвалід», – Вольга Федасенка з Магілёва адзінаццаць гадоў працуе ў домабудаўнічым камбінаце кранаўшчыцай. У леташнім лютым на працоўным месцы яна пашкодзіла левую руку – сямітонная пліта пазбавіла яе трох пальцаў.

Жанчыне зрабілі некалькі аперацыяў, але выратаваць пальцы не атрымалася – пачалася сухая гангрэна. Давялося ўсё рабіць адной рукой. Спачатку медычная камісія канстатавала страту шасцідзесяці адсоткаў працаздольнасці ды прызначыла жанчыне трэцюю групу інваліднасці.

Цяпер Вольгу зрабілі на камбінаце кладаўшчыцаю. Ейны заробак з былых сямісот рублёў зменшыўся да двухсот пяцідзесяці, яшчэ сто сорак рублёў жанчына атрымоўвае праз страхоўку. Але і гэтыя рублі забіраюць: праз год медычная камісія зменшыла ступень страты працаздольнасці да дваццаці чатырох адсоткаў і пазбавіла Вольгу інваліднасці.

«Я кажу: раз я не інвалід, я нармальны чалавек – то магу зноў ісці працаваць на кран? Правільна? Я так разумею? А мне кажуць: не, вы не пройдзеце медкамісію», – апавядае жанчына.

Аднак некаторыя належныя кампенсацыі жанчыне атрымалася адсудзіць у працадаўцы. Вольга мусіла атрымаць шэсцьдзясят сярэднемесячных заробкаў, па адным за кожны працэнт страты працаздольнасці. Жанчына падала ў суд, і той стаў на ейны бок. Да таго ж Вольга адстаяла кампенсацыю маральнае шкоды.

«Суд часткова задаволіў нашыя патрабаванні. Мы прасілі каля 250 мільёнаў старымі грашыма. Праўда суд чамусьці вырашыў, што яна ня так моцна пацярпела», – каментуе юрыст прафсаюзу РЭП у Магілёве Аляксандр Хамратаў.

Агулам прадпрыемства ўжо выплаціла работніцы каля 3 тыс долараў кампенсацыі, яна чакае на выплату яшчэ 10 тысяч долараў. І рыхтуецца, што ў лістападзе кіраўніцтва не працягне з ёй кантракт.

Як адсудзіць у працадаўцы належную кампенсацыю – глядзіце ў поўным выданні праграмы «Асабісты капітал»:

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

У Беларусі патрэбны цэнтр для крызісных сітуацыяў

«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе». Што выратуе эканоміку?

Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?


Грошы скончыліся. Як выжыць без іх?

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Як ад беларусаў хаваюць сапраўдны маштаб эпідэміі

Грошы на чужой бядзе. Хто нажываецца на эпідэміі?

Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?

Каронакрызіс. Параўналі дзяржаўную дапамогу ў Беларусі ды іншых краінах