У 86-м годзе мужчына працаваў кухарам. У яго толькі нарадзілася дачка, калі ў жніўні выклікалі ў ваенкамат і адразу ж накіравалі ў зону адсялення – гатаваць для салдатаў. Уладзімір заставаўся там 115 содняў.
Ужо чатыры гады Уладзімір Ламака мае ІІІ групу інваліднасці, з цяжкасцю ходзіць. Як чарнобылец ён мае права сысці на пенсію на 5 гадоў раней за астатніх. Але калі б даказаў, што працаваў у 10-кіламетровай зоне ад рэактару, то сышоў бы на 10 гадоў раней.
Аднак акрамя граматаў і пячаткі ў пашпарце ад Чарнобылю ніякіх даведак не засталося. Нават хадзіў у архіў па дакументы. Але і там пуста.
«На Куляшова, там стаяла ваенная частка, там быў архіў Чарнобылю, – узгадвае Уладзімір Ламака. – У нас шмат хто ездзіў у гэты архіў, з маіх хлопцаў. Кажуць, яго там няма, і ты там нічога не даб’ешся. Мне вайсковец так і сказаў, не памятаю звання: у архіве нічога няма, і гэтую частку наогул ужо прыбралі».
Праз гэта ўжо чатыры гады спадар жыве на дапамогу па інваліднасці ды чарнобыльскія – агулам 250 рублёў. А на пенсію сыходзіць толькі цяпер – у кастрычніку яму якраз споўнілася 56,5 года.
Спадар Сяргей – відэааператар, ён таксама сутыкнуўся са знікненнем дакументаў. У 2000-я мужчына супрацоўнічаў з тэлеканалам СТВ. Але праца прыпала на станаўленне каналу і яго юрыдычную перарэгістрацыю. Архіву з дакументамі да юрыдычных пертурбацыяў не захавалася.
Выратавала падатковая інспекцыя. Мужчына тады быў зарэгістраваны прадпрымальнікам і штогод падаваў туды справаздачу аб сваіх прыбытках. Гэтыя дакументы захаваліся. І дзякуючым ім суд і залічыў мужчыну незафіксаваныя гады працы.
«Наогул гэта вельмі мілае ўстанова, дзе мы ўпяцёх пагутарылі. І ўсе былі на маім баку. Так, мы разумеем, вы працавалі, але вось мы не можам, прабачце, таму што няправільна аформленыя дакументы», – узгадвае, як праходзіў суд Сяргей Мілешкін.
Наколькі гэты год павялічыў памер ягонай пенсіі, ён пакуль не зразумеў, бо працягвае працаваць і атрымлівае толькі частку пенсіі. Аднак ягоны пенсійны каэфіцыент падрос.
Юрыст заклікае не баяцца ды ісці ў суд. Трэба падаць заяву аб усталяванні фактаў, якія маюць юрыдычнае значэнне. Такім фактам, напрыклад, можа быць праца на пэўным месцы. Яе можа пацвердзіць запіс у працоўнай кніжцы, сведкі, дакументы. Суд усё гэта прымае.
Аднак такія пытанні ўзнікаюць адносна працы да 2003 года, калі была ўведзеная сістэма індывідуальнага ўліку застрахаваных асобаў у Фондзе сацыяльнай абароны. Пасля – уся інфармацыя аб працы заносіцца на ваш страхавы нумар.
«Усіх наймальнікаў абавязалі ўносіць звесткі аб працы, аб дагаворах падраду. Але ёсць такія выпадкі, калі наймальнікі ігнаруюць і не ўносяць нічога, – кажа юрыст прафсаюзу РЭП Юрась Белякоў. – І тады, натуральна, у чалавека ўтвараецца дзірка на гэты перыяд часу».
Таму калі ў вас розныя наймальнікі, няма сталага месца працы ці вы працуеце на прыватныя кампаніі, не зашкодзіць напісаць заяву ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і спраўдзіць інфармацыю, якая туды падаецца наймальнікамі. У нашай краіне хто сам сябе сцеражэ, таго й бог беражэ.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».