Пакуль Менск жыве, рэгіёны выжываюць

Эксперт «Асабістага капіталу» Міхал Залескі аналізуе, чаму сярэднія паказнікі дабрабыту па краіне моцна адрозніваюцца ад рэальных.

Краіна нашая вялікая, а таму, калі прыводзіш нейкія сярэднія лічбы, то гледачы з розных яе куткоў пачынаюць спрачацца. І дзіўна не гэта, а тое, што ўва ўсіх спрачальнікаў добрае нешта – меншае за сярэдняе, а нешта не вельмі прыемнае – большае.

Тутэйшы правадыр – Лукашэнка – надта перажывае, што ўсе сунуцца ў Менск і зрабілася ў тым горадзе цесна, людзі злыя. Дык гэта ён яшчэ ў аўтобусе бітком набітым не ездзіў і ў чарзе ў паліклініцы не стаяў.

Самы вялікі ды самы малы заробак

Дык усё проста. У Першамайскім раёне Менску прыблізна ў паловы людзей заробак большы за 1000 рублёў на месяц. А ў Шаркаўшчынскім раёне Віцебскай вобласці толькі прыблізна ў паловы людзей заробак большы за 500 рублёў на месяц.

Таму яны кажуць начальству: «Не вучыце кульгаць, самім ногі баляць», і, хто можа, – у сталіцу.

Хто застаецца? Каму гады, здароўе або складаны лёс уцячы перашкаджаюць. І тыя, хто і там някепска жыве, пры дзяржаўнай якой службе.

Скарачэнне насельніцтва па сельскіх раёнах у краіне

І каб адная такая Шаркаўшчына была, з 1996 да 2018 года ў 81-ым са 118-ці вясковых раёнаў насельніцтва скарацілася больш як на 20 %.

Добры гаспадар у даўнейшыя часы, калі яму праз злую бяду не было чым сабачку карміць, адвязваў яго з ланцужка. Камсамольцы, якія краінаю кіруюць, гэтым досведам скарыстацца не ўмеюць. Гавораць-гавораць адзін перад адным пра пераход да рынкавых адносінаў ужо трэць стагоддзя і някепска пачуваюцца.

Скарачэнне прадпрымальніцтва ў раёнах

А тым часам па раёнах колькасць прадпрымальнікаў скарачаецца дзе на 2 дзе на 3 % за год і ў раённыя бюджэты, пераважна датацыйныя, даюць яны не больш за 10–15 % паступленняў.

Ды і на чым там зарабляць: на пенсіянерах ды парабках з СХП асабліва не заробіш, самі бедныя, а хто больш заможны, той у абласны цэнтр або Менск падскочыць мае магчымасць. Такая канкурэнцыя.

Атрымліваецца, што дзеля захавання цэласнасці краіны Менск, Полацк, Салігорск, Мазыр і да пэўнага часу абласныя цэнтры абавязаныя астатніх падкормліваць.

Датацыі ў разліку на чалавека

У выніку датацыі ў разліку на чалавека дастаюцца большыя там, дзе справы гаспадарчыя ідуць не надта і адрознівацца, як бачыце, большыя ад меншых у 12 разоў.

Паводле артыкулу 6 сёлетняга Закону аб бюджэце наўпроставыя датацыі з бюджэту краіны ў кансалідаваныя бюджэты вобласцяў склалі агулам тры мільярды рублёў. А яны – малая частка таго, што перадаецца па ўсіх каналах.

Кажуць, бывае, што і цяля ваўка бадае. Можа, калі і ў вясковых раёнах людзі ўзбагацяцца. Але, думаю, адбудзецца тое не раней, чым атрымаюць там.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Менскзелянбуд раскідваецца грашыма
  • Як не сапсаваць адпачынак
  • Як спалучаць бізнес і сяброўства

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».

Міхал Залескі, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

У Беларусі патрэбны цэнтр для крызісных сітуацыяў

«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе». Што выратуе эканоміку?

Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?


Грошы скончыліся. Як выжыць без іх?

«Каму гэтая інфармацыя што дасць?» Як ад беларусаў хаваюць сапраўдны маштаб эпідэміі

Грошы на чужой бядзе. Хто нажываецца на эпідэміі?

Новая нармальнасць. Якой будзе Беларусь пасля пандэміі?

Каронакрызіс. Параўналі дзяржаўную дапамогу ў Беларусі ды іншых краінах